Сцяг Чацвер, 21 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лістапада 2024, 14:33

Снег, галалёд і пахаладанне - сіноптыкі пра надвор'е ў Беларусі на бліжэйшыя дні

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпература паветра ў бліжэйшыя дні ў Беларусі ўсё часцей будзе адмоўнай, прагназуецца снег, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Сіноптыкі адзначылі, што да канца бягучага тыдня франтальныя раздзелы прадоўжаць папаўняць скарбонку лістападаўскіх ападкаў. Разам з тым у выніку паступлення больш халодных паветраных мас у ападках пачне пераважаць снег. Днём у пятніцу месцамі па паўднёвым усходзе чакаецца моцны снег, мокры снег, наліпанне мокрага снегу. У заходніх рэгіёнах у дзённыя гадзіны суботы месцамі будзе ветрана, на дарогах і тратуарах слізка.

У пятніцу, 22 лістапада, ноччу ў асобных раёнах краіны пройдзе невялікі кароткачасовы снег. Раніцай і днём у многіх раёнах прагназуюцца ападкі, у асноўным снег, мокры снег. У дзённы час па паўднёвым усходзе месцамі - моцны снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе 0, мінус 5, максімальная днём - мінус 2, плюс 3.

У суботу, 23 лістапада, ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па рэспубліцы прагназуецца кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах чакаецца наліпанне мокрага снегу, на дарогах галалёдзіца, днём месцамі па захадзе - узмацненне ветру парывамі 15-18 м/с. Тэмпература паветра мінімальная ноччу - 0, мінус 7, максімальная днём -  мінус 2, плюс 3 градусы.

У нядзелю, 24 лістапада, ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне прагназуецца кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах можа быць слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу - мінус 6, плюс 1, максімальная днём - мінус 2, плюс 3 градусы.

"Згодна з папярэднім прагнозам, фінішны тыдзень лістапада пачнецца са значных тэмпературных кантрастаў. Халадней за ўсё будзе па ўсходзе краіны. Тут у начны час слупкі тэрмометраў могуць апускацца да мінус 8 - мінус 10. Дзённы фон тэмператур таксама будзе знаходзіцца ў межах адмоўных значэнняў. А вось цяплей за ўсё чакаецца ў заходніх рэгіёнах, дзе начныя мінімумы будуць вагацца ад слабага мінуса да слабага плюса. Дзённыя максімумы пры гэтым будуць у асноўным знаходзіцца на баку дадатных значэнняў. Але такое процістаянне дзвюх кантрасных паветраных мас будзе нядоўгім, і цёплае паветра Атлантыкі ўсё ж зойме лідзіруючыя пазіцыі", - расказалі ў Белгідрамеце.

У панядзелак, 25 лістапада, пераважна па заходняй палавіне рэспублікі пройдуць ападкі (у асноўным мокры снег, дождж). Месцамі будзе туман, галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе ад мінус 2 да мінус 9 градусаў, у заходніх раёнах 0 плюс 1 градус, максімальная днём ад мінус 4 па ўсходзе да плюс 5 градусаў па захадзе.

У аўторак, 26 лістапада, месцамі па краіне прагназуюцца ападкі (мокры снег, дождж). У асобных раёнах можа быць туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 10 градусаў па ўсходзе да плюс 2 градусаў па захадзе, максімальная днём ад мінус 4 градусаў па усходзе да плюс 5 градусаў па захадзе.

У сераду, 27 лістапада, месцамі па краіне пройдуць ападкі (мокры снег, дождж). У асобных раёнах чакаецца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 8 па ўсходзе да плюс 3 па захадзе, максімальная ўдзень мінус 1, плюс 6 градусаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі