Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 кастрычніка 2018, 11:03

Сітуацыя па кошце прадуктаў харчавання ў цэлым даволі стабільная - маніторынг ФПБ

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі праводзімага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі паказалі, што са студзеня па верасень сітуацыя па кошце прадуктаў харчавання ў цэлым заставалася даволі стабільнай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ па выніках круглага стала, арганізатарам якога выступіла федэрацыя.

Як адзначыла намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч, федэрацыя вядзе пастаянны маніторынг цэн па сацыяльна значных катэгорыях тавараў і паслуг у 137 раённых цэнтрах і буйных гарадах з 2017 года. Аналізуецца ўвесь ланцужок фарміравання цаны ад вытворцы да спажыўца.

"Вынікі праводзімага Федэрацыяй прафсаюзаў маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі паказалі, што на працягу 9 месяцаў сітуацыя па кошце прадуктаў харчавання ў цэлым заставалася даволі стабільнай - павышэнне цэн было адэкватным узроўню інфляцыі", - адзначылі ў прэс-службе. Разам з тым па некалькіх таварных пазіцыях адбылося прыкметнае падаражанне. Напрыклад, з пачатку года выраслі цэны на свініну, мяса птушкі. У параўнанні з вераснем мінулага года значна падаражэла такая агародніна, як буракі, морква, капуста, а таксама прасяныя крупы.

Да ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны прадстаўнікі міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сельскай гаспадаркі і харчавання, эканомікі, аховы здароўя, Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржкантролю, гандлёвых сетак і перапрацоўчай прамысловасці. Сярод аб'ектыўных прычын, якія прыводзяць да падаражання мясной групы тавараў, названы павелічэнне цэн на кармы, паколькі ў гэтым годзе ўраджай збожжавых у Беларусі, як і ў суседзяў, ніжэйшы за мінулагодні. Сярод іншых прычын, якія паўплывалі на рост цэн мясной прадукцыі, - павелічэнне выдаткаў і вытворцаў, і перапрацоўшчыкаў па іншых расходных артыкулах, сярод якіх энергарэсурсы, паліва, заработная плата.

Пры гэтым Федэрацыя прафсаюзаў настойвае, што, нягледзячы на ўсе аб'ектыўныя прычыны, любое павышэнне цэн і тарыфаў павінна быць суразмернае росту даходаў насельніцтва. Дарэчы, у верасні бягучага года ўрад прыняў антыінфляцыйную праграму, у якой улічана гэта пазіцыя нацыянальнага прафцэнтра. Мэта гэтай праграмы - стварэнне ўмоў для ўстойлівага эканамічнага росту, развіццё канкурэнцыі і зніжэнне інфляцыйных чаканняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі