Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 мая 2019, 17:55

Сістэма папярэджання і ліквідацыі НС павінна мяняцца ў адпаведнасці з часам - Румас

11 мая, Барысаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Беларуская цэнтралізаваная сістэма папярэджання і ліквідацыі НС павінна мяняцца ў адпаведнасці з часам. Такое меркаванне на зборы кіруючага складу Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і грамадзянскай абароны выказаў прэм'ер-міністр Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі выбудавана на дзяржаўным узроўні сістэма папярэджання і ліквідацыі НС. Але жыццё не стаіць на месцы, з'яўляюцца новыя выклікі, адпаведна, гэта сістэма таксама павінна змяняцца для таго, каб дастойна рэагаваць на іх", - сказаў Сяргей Румас. Ён адзначыў, што сёння ўвесь кіруючы склад ДСНС змог пераканацца ў тым, што МНС здольна якасна выконваць задачы, якія стаяць перад ім.

Як падкрэсліў прэм'ер-міністр, процідзеянне НС - абавязак не толькі аднаго міністэрства. "Вельмі шмат залежыць ад мясцовых органаў улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Апошнім часам у краіне адбываецца змяншэнне нагляднай нагрузкі на аб'екты эканомікі, адначасова павышаецца адказнасць кіраўнікоў за бяспеку сваіх работнікаў, за бяспеку людзей на тых аб'ектах, якія яны ўзначальваюць", - нагадаў Сяргей Румас.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка адзначыў, што кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання павінны валодаць сітуацыяй у сферы бяспекі. "Практычныя заняткі неабходныя. Па рашэнні прэм'ер-міністра яны праводзяцца цяпер раз у тры гады. Тут кіраўнікі могуць убачыць тэхніку, абсталяванне, могуць адпрацаваць навыкі", - сказаў ён.

Кіраўнік ведамства нагадаў, што большасць прысутных міністраў уваходзяць у склад камісіі па НС, якая каардынуе ўсю дзейнасць ДСНС. "Вядома, вельмі важна, каб яны ўсведамлялі ўсю адказнасць і правільна працавалі ў той ці іншай сітуацыі. Таму што ліквідацыя НС патрабуе велізарных затрат і ў той жа час разумных дзеянняў. Зразумела, што пры гэтым неабходна работа медыцынскіх, аварыйных службаў, службаў ЖКГ, энергетыкаў, нафтахімікаў. Усе павінны зладжана ўзаемадзейнічаць для вырашэння тых ці іншых задач", - канстатаваў Уладзімір Вашчанка.

Як паведамлялася, рэспубліканскі збор кіруючага складу Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны праходзіць сёння на аператыўна-тактычным палігоне МНС пад Барысавам. Кіруе ім прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. У рабоце прымаюць удзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і канцэрнаў.

Удзельнікі збору азнаёміліся з работай Цэнтра бяспекі ў Барысаўскім раёне. Затым кіраўнікоў азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, які абучае не толькі кадры МНС, але і спецыялістаў з іншых міністэрстваў і ведамстваў.

На аператыўна-тактычным палігоне прайшлі паказальныя вучэнні з прыцягненнем авіяцыі. Ратавальнікі сумесна з іншымі сіламі і сродкамі ДСНС ліквідавалі надзвычайную сітуацыю на аб'екце захоўвання і нафтаперапрацоўкі, гарэнне трансфарматарнай падстанцыі. Яны таксама прадэманстравалі навыкі вядзення выратавальных работ і тушэння пажараў у разбураных будынках і збудаваннях, пры дарожна-транспартным здарэнні аўтамабіляў, якія перавозяць крыніцы іанізуючага выпрамянення, ратаванне на вадзе, тушэнне лясных пажараў, ратаванне пасажыраў паветраных суднаў, ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі з наяўнасцю небяспечных хімічных рэчываў на чыгуначным транспарце.

Была арганізавана таксама выстаўка пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, найноўшых узораў баявога адзення ратавальнікаў, прадэманстраваны магчымасці аварыйна-выратавальнага абсталявання, што стаіць на ўзбраенні падраздзяленняў МНС. У час збору таксама была прадстаўлена работа па фарміраванні культуры бяспекі, у тым ліку ў дашкольнікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі