Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 лютага 2020, 14:38

Сіноптыкі прагназуюць ападкі і да 10 градусаў цяпла на бягучым тыдні

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сіноптыкі прагназуюць ападкі і да 10 градусаў цяпла на бягучым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Прыкметна аслабелы цыклон "Дэніс" у бліжэйшыя суткі яшчэ будзе вызначаць надвор'е ў большасці дзяржаў Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі. І хоць яго цэнтр прагназуецца далёка ў Баранцавым моры, на перыферыі ў атмасферы ўсталяваўся заходні вецер, які гоніць на ўсход вільготнае цёплае акіянічнае паветра", - сказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 18 лютага, у Беларусі будзе воблачна з праясненнямі. Уначы пераважна па паўднёвым усходзе, удзень на значнай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы рознай інтэнсіўнасці. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні парывісты, удзень па паўночным захадзе месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, удзень - ад плюс 4 па ўсходзе да 10 градусаў цяпла па паўднёвым захадзе краіны. Такі тэмпературны фон больш адпавядае першым чыслам красавіка.

У сераду, 19 лютага, уплыў цыклону будзе ўжо нязначным. На большай частцы тэрыторыі краіны ападкі спыняцца, толькі месцамі па поўначы магчымы кароткачасовыя. Уначы і раніцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні, паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 3, удзень - 2-8 градусаў цяпла.

У чацвер, 20 лютага, пад уплывам атмасфернага фронту, што перамяшчаецца з Балтыйскага мора, павялічыцца і згусціцца воблачнасць. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3, удзень - 1-7 градусаў цяпла.

У пятніцу, 21 лютага, атмасферны ціск вырасце. Чакаецца пераменная воблачнасць. Уначы ў асобных раёнах краіны пройдзе кароткачасовы мокры снег, удзень месцамі магчымы ападкі (мокры снег, дождж). Уначы і раніцай чакаюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 1, удзень - 1-6 градусаў цяпла.

Паводле слоў сіноптыкаў, наступныя выхадныя з Атлантыкі да берагоў Скандынаўскага паўвострава падыдзе чарговы шырокі і моцны цыклон, які ўцягне ў сваю арбіту і надвор'е Беларусі. Зноў узмоцніцца паўднёва-заходні, заходні вецер. Чакаецца пераважна воблачнае надвор'е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (мокры снег з дажджом). Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3, удзень - 1-7 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі