Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2021, 15:58

Шыла: у прыватных медарганізацыях трэба актывізаваць работу па заключэнні калектыўных дагавораў

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работу па заключэнні калектыўных дагавораў у прыватных арганізацыях аховы здароўя неабходна актывізаваць, заявіў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя (БПРАЗ) Вячаслаў Шыла на пленуме Рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вячаслаў Шыла адзначыў, што пакуль не ўдалося дабіцца жаданага поспеху ў заключэнні калектыўных дагавораў у прыватных арганізацыях. Па стане на 1 лістапада калдагаворы не заключаны ў 56 арганізацыях прыватнай уласнасці, дзе колькасць членаў прафсаюза перавышае 5 чалавек. У гэтых арганізацыях 1056 членаў прафсаюза.

"Нам неабходна актывізаваць гэту работу. Трэба шукаць новыя падыходы, формы агітацыі, трэба пераканаць кіраўнікоў прыватных арганізацый, што калектыўны дагавор неабходны ім гэтак жа, як і работнікам, - сказаў старшыня БПРАЗ. - Заключэнне калектыўнага дагавора - гэта прыкмета арганізацыі, якая клапоціцца аб сваім кадравым патэнцыяле, і калектыўны дагавор не падмяняе, а дапаўняе сацыяльны пакет. Толькі калектыўны дагавор можа рэальна абараніць работніка ў працоўных адносінах".

Паводле слоў Вячаслава Шылы, пільная ўвага прафсаюзных органаў была звернута на прывядзенне ў адпаведнасць норм калектыўных дагавораў нормам Генеральнага і Тарыфнага пагадненняў, дзейчаму заканадаўству.

"У выніку паслядоўнай работы камітэтаў прафсаюза па стварэнні рэестраў калектыўных дагавораў і экспертызе праектаў калдагавораў на этапе іх распрацоўкі за апошнія гады пагадненні і калдагаворы сталі больш канкрэтнымі", - падкрэсліў ён. На першы план выстаўляюцца нормы і абавязацельствы, вызначаныя Генеральным і Тарыфным пагадненнямі і якія садзейнічаюць устойлівасці працоўных калектываў, павышэнню матэрыяльнага дабрабыту працуючых.

Калектыўны дагавор з'яўляецца галоўным матыватарам прафсаюзнага членства, лічыць Вячаслаў Шыла. "Таму нам неабходна прадоўжыць работу па павышэнні ўзроўню значнасці калектыўнага дагавора, яго магчымасці рэальна зацікавіць работнікаў", - адзначыў ён.

На пленуме абмяркоўваюць выкананне праграмы асноўных напрамкаў дзейнасці БПРАЗ на 2020-2025 гады па рэалізацыі рашэнняў III і IV пленумаў Савета ФПБ. Да ўдзелу ў рабоце пленума запрошаны міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і намеснік старшыні ФПБ Вадзім Грачоў. Удзельнічаюць таксама прадстаўнікі парламенцкага корпуса, Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі