Сцяг Аўторак, 7 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 ліпеня 2021, 18:37

Школьнае пытанне, праблемы фермераў і перавозчыкаў - Качанава правяла прыём грамадзян у Новалукомлі

22 ліпеня, Новалукомль /Кар. БЕЛТА/. З праблемамі работы перавозчыкаў, асабістай падсобнай гаспадаркі і просьбай не закрываць школу ў аграгарадку звярнуліся сёння да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай у час прыёму грамадзян у Новалукомскім гарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першымі прыйшлі муж і жонка з аграгарадка Нямойта Сенненскага раёна. На працягу 30 гадоў яны трымаюць асабістую падсобную гаспадарку, гадуюць кароў, здаюць малако. Паводле іх слоў, многія гады яны спрабуюць дабіцца таго, каб ім выдзелілі які-небудзь участак для пашы. У 2006 годзе папярэднія землі перадалі сельгаспрадпрыемству "Дружбінец". У вяскоўцаў засталося некалькі гектараў, але гэтага катастрафічна не хапае. "Мы прыедзем з Міхаілам Русым, паглядзім, што можна зрабіць, і пастараемся дапамагчы", - сказала Наталля Качанава.

Жыхарка Наваполацка агучыла праблему перавозчыкаў рэгіёна. Паводле яе слоў, абласное транспартнае прадпрыемства "Аператар перавозак" праводзіць конкурсы сярод перавозчыкаў вельмі рэдка. Калі дазвол заканчваецца, то яго не прадаўжаюць. Чарговыя конкурсы або не арганізоўваюцца, або "Аператар перавозак" праводзіць іх непразрыста, лічыць прадпрымальніца. Даручана разабрацца ў гэтым пытанні.

Жыхар аграгарадка Андроны Пастаўскага раёна звярнуўся наконт работы ўстановы адукацыі. У іх сельсавеце былі дзве школы. У Андронах яслі-сад - базавую школу вырашылі закрыць. З 1 верасня бацькам прапанавалі дзяцей вазіць у цэнтр сельсавета ў Паставы або ў Кураполле ў дзіцячы сад, хоць, паводле слоў мужчыны, у гэтай установе адукацыі ўмовы горшыя, чым у андронаўскай школе-садзе. Таму бацькі і педагогі прапануюць усё ж такі не закрываць іх школу і вазіць дзяцей з Кураполля да іх. Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў пытанні, вырашаць праблему трэба на месцы з бацькамі, педагогамі і кампетэнтнымі органамі.

Дачнік з вёскі Жукі прыйшоў на прыём ад сябе і жыхароў вёскі з просьбай устанавіць невялікі мост цераз раку Усвейка, абгарадзіць могілкі і правесці ў вёсцы ямачны рамонт. Мосцік патрэбны мясцовым жыхарам, каб дабрацца да ФАПа, магазіна, у лясніцтва. Дарогу сёння пачалі прыводзіць у парадак, з астатнімі пытаннямі паабяцалі разабрацца ў бліжэйшыя месяцы з выездам у вёску.

Размаўляючы з журналістамі, Наталля Качанава адзначыла, што Савет Рэспублікі абмяркоўваў новыя формы работы з людзьмі і было вырашана правесці адзіны дзень прыёму. Сёння сенатары працуюць у раёнах Віцебскай вобласці, у далейшым правядуць сустрэчы з людзьмі ў іншых абласцях. "Заўтра падвядзём вынікі работы са зваротамі грамадзян і разгледзім найбольш актуальныя пытанні жыхароў вобласці на пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі ва Ушачах. Такая форма ўзаемадзеяння з грамадзянамі дае магчымасць нам даведацца аб найбольш актуальных пытаннях у той ці іншай сферы, каб потым працаваць з мясцовымі органамі ўлады, губернатарамі, міністэрствамі і ведамствамі па комплексным вырашэнні праблем", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава дадала, што адна з прыярытэтных задач органаў улады - раўнамернае развіццё рэгіёнаў. Для гэтага трэба, каб людзі заставаліся ў райцэнтрах, была работа, сацыяльныя аб'екты, камфортныя ўмовы для жыцця. "Дэпутаты ўсіх узроўняў павінны пастаянна працаваць з людзьмі і падключацца да вырашэння іх праблем. Мясцовым уладам трэба быць больш уважлівымі да пытанняў людзей, - падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. - На сённяшнім прыёме было відаць, што пытанні ў жыхароў не надуманыя і правамерныя. У людзей ёсць жаданне працаваць, але і ім трэба дапамагчы, таму што не ўсё ў іх сілах".

У час прыёму да старшыні Савета Рэспублікі звярнуліся больш за 20 чалавек. Заяўнікі закранулі пытанні арэнднага жылля, добраўпарадкавання і асветленасці вуліц у вёсках, пенсійных выплат, атрымання грамадзянства і іншыя тэмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі