Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 красавіка 2020, 19:43

Сергяенка наведаў "Світанак": за месяц тут пашылі 1 млн масак

15 красавіка, Жодзіна /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка сёння наведаў ААТ "Світанак" у Жодзіне, дзе наладжана вытворчасць ахоўных масак і шматразовых павязак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Адміністрацыя Прэзідэнта арганізавала маніторынг сітуацыі ў лёгкай прамысловасці - у частцы вытворчасці масак, камбінезонаў і касцюмаў, якія так неабходны медыцынскім работнікам. "Прадпрыемствы "Беллегпрама" актыўна ўключыліся ў гэту работу. Мы сёння са старшынёй Мінскага аблвыканкама азнаёміліся з вытворчасцю ААТ "Свiтанак". Прадпрыемства, з улікам існуючай сітуацыі, аператыўна перабудавала работу. Тут працуюць у тры змены. Вытворчасць ужо склала сумарна больш за 1 млн масак - вырабы са спанбелу, трыкатажу і марлі. Прадпрыемства можна браць за ўзор па выпуску гэтага віду прадукцыі", - сказаў Ігар Сергяенка.

ААТ "Свiтанак" пачало серыйны выпуск павязак у першых чыслах сакавіка - з 10 тыс. штук за суткі. Дырэктар прадпрыемства Юрый Лукашэвіч адзначыў, што самае галоўнае было ў гэты перыяд мабілізаваць калектыў, паколькі план вытворчасці мяняўся вельмі хутка. Ужо з 1 красавіка ўся вытворчасць была перапрафілявана. "Задзейнічана каля 400 швачак. Плюс мы падключылі малыя прадпрыемствы Мінскай вобласці (памочнікаў і арандатараў), а таксама Жодзінскі прафліцэй і Барысаўскі дзяржаўны каледж, якія рыхтуюць для нас швачак. Выйшлі ўжо на 90-95 тыс. за суткі. Такая дынаміка дасягнута ўсяго за месяц. І нават гэты аб'ём забіраюць адразу", - сказаў Юрый Лукашэвіч.

Прадпрыемства шые тры віды масак: аднаразовыя марлевыя і з нятканага матэрыялу, а таксама шматразовыя са 100-працэнтнага баваўнянага трыкатажнага палатна (матэрыял для іх прадпрыемства вырабляе самастойна, для першых двух - закупляе ў Баранавічах і Оршы). Маскі пастаўляюцца прадпрыемству "Фармацыя", якое размяркоўвае тавар па сетцы аптэк краіны. І яшчэ частка - у ВГРУП "Белмедтэхніка". Вытворца разлічвае ўзгадніць дазвол на продаж гэтага патрэбнага ўсяму насельніцтву тавару ў сваёй гандлёвай сетцы, а гэта прыкладна сотня магазінаў па ўсёй краіне.

"Маскі ў магазінах "Свiтанка" павінны быць, - сказаў на гэта Ігар Сергяенка. - Насельніцтву няма розніцы, дзе купляць: у аптэцы або фірменным магазіне прадпрыемства. Галоўнае, каб тавар быў і адпавядаў усім патрабаванням".

Шматразовыя баваўняныя маскі простыя ў эксплуатацыі: дастаткова іх памыць у ручным рэжыме гаспадарчым мылам, высушыць і прасам прагладзіць пры тэмпературы не меншай за 70 градусаў. З нятканых матэрыялаў і марлевыя маскі рэкамендуецца насіць не больш за 2 гадзіны і затым выкідаць.

Паводле слоў дырэктара "Свiтанка", таксама прадпрыемства пачало адшываць 500 аднаразовых камбінезонаў па заказе Жодзінскай ЦГБ.

Усяго ў Мінскай вобласці пад вытворчасць масак і марлевых павязак перапрафілявалі шэсць прадпрыемстваў - ТАА "Марк Фармэль", ААТ "Свiтанак", ААТ "Купалінка", ЗАТ "Калінка", ААТ "Эліз" і УП "Ізатоп". За суткі яны выпускаюць амаль 330 тыс. адзінак масак і марлевых павязак. Шыццём таксама займаюцца арганiзацыi бытавога абслугоўвання насельніцтва і швейныя цэхі арганізацый Мінаблспажыўсаюза.

Пасля азнаямлення з вытворчасцю ў Жодзіне Ігар Сергяенка адправіўся ў Барысаў, дзе сустрэўся з галоўнымі ўрачамі ўстаноў аховы здароўя раёна. Ён абмеркаваў з імі бягучую сітуацыю з захваральнасцю, умовы працы ўрачоў, наяўнасць сродкаў аховы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі