11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праз сайт Усебеларускага народнага сходу vsebel.by паступіла ўжо больш за 300 прапаноў, людзей цікавяць тэмы сацпадтрымкі, медыцыны, падаткаабкладання. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Апарату Савета Міністраў Валерый Астравумаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рабочая група па прыёме і апрацоўцы прапаноў ужо займаецца аналізам прапаноў, якія паступаюць у электронным выглядзе на адрас VI Усебеларускага народнага сходу на сайце vsebel.by. Актыўнасць грамадзян прыемна здзіўляе, паступіла ўжо больш за 300 прапаноў", - расказаў Валерый Астравумаў.
"Гэта пытанні дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг, пытанні адукацыі, развіцця эканомікі, падаткаабкладання і змянення заканадаўства", - растлумачыў прадстаўнік Апарату Саўміна.
Паводле яго слоў, з прапановамі звяртаюцца людзі розных прафесій і ўзростаў. "Гэта прадстаўнікі сацыяльнай сферы, рэальнага сектара эканомікі. Прапановы ідуць і ад ветэранаў, і ад моладзі", - адзначыў ён.
Найбольш актыўныя жыхары Мінска - ад іх больш за палову зваротаў. Менш за ўсё прапаноў ад рэгіёнаў пакуль з Мінскай вобласці.
Прапановы наконт грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны накіруюць у рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні VI УНС. "Пытанні, якія датычацца ЖКГ, будаўніцтва, сацыяльнай сферы, будуць накіроўвацца ў адпаведныя рэспубліканскія органы дзяржкіравання, мясцовыя органы, iншыя арганiзацыi для рэагавання і наступнага вырашэння", - удакладніў Валерый Астравумаў.
Як расказала начальнік упраўлення справаводства Апарату Саўміна Наталля Шасцілоўская, у рабочай групе па прыёме і апрацоўцы прапаноў - 14 чалавек. "Асноўная мэта нашай групы - каб любыя канструктыўныя прапановы былі разгледжаны і накіраваны для далейшага аналізу, - адзначыла яна. - Асабліва радуюць канкрэтныя прапановы: як нешта палепшыць, як паглядзець на праблему з іншага ракурсу".-0-