Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 ліпеня 2021, 15:00

СААЗ і ЮНІСЕФ у сувязі з COVID-19 запусцілі кампанію "Будзьце абачлівымі гэтым летам"

14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскае рэгіянальнае бюро СААЗ сумесна з Рэгіянальным офісам ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі запусціла інфармацыйную кампанію "Будзьце абачлівымі гэтым летам" (#SummerSense). Такая інфармацыя са спасылкай на матэрыялы СААЗ размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведамляе БЕЛТА.

Мэта кампаніі "Будзьце абачлівымі гэтым летам" - дабіцца таго, каб у час летняга адпачынку людзі былі разважлівымі і максімальна асцярожнымі, каб засцерагчы сябе ад COVID-19.

Паводле слоў дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханса Клюге, аслабленне санітарна-проціэпідэмічных і сацыяльных абмежаванняў можа прывесці да рэзкага росту захваральнасці на COVID-19."Нягледзячы на тое што частка насельніцтва Еўрапейскага рэгіёна ўжо атрымала прышчэпку, мы ўсё яшчэ далёкія ад таго, каб ахапіць вакцынацыяй усіх людзей, якія маюць у ёй патрэбу, гэтым летам сітуацыя будзе заставацца нестабільнай з улікам распаўсюджвання больш заразных варыянтаў віруса", - адзначыў ён.

У сувязі з гэтым рэкамендуецца перагледзець неабходнасць паездак, каб знізіць рызыку заражэння і далейшага распаўсюджвання COVID-19. Рызыку, звязаную з заражэннем COVID-19, неабходна ацэньваць што ні крок - ад выхаду з дому да вяртання дадому. Трэба прымаць неабходныя меры засцярогі, напрыклад, часта мыць рукі, захоўваць бяспечную дыстанцыю і насіць маску. Трэба пазбягаць закрытых, замкнутых і скучаных памяшканняў. Сустрэчы лепш праводзіць на свежым паветры або ў адкрытых памяшканнях, якія добра праветрываюцца.

Таксама адзначаецца, што, зрабіўшы прышчэпку, чалавек аўтаматычна не спыняе зведваць небяспеку заражэння або перадачы віруса іншым. У той жа час вакцынацыя зніжае верагоднасць развіцця цяжкай формы захворвання і смерці ад COVID-19.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі