Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 лютага 2020, 17:33

Рыжанкоў: развіццё сельскіх рэгіёнаў - адзін з ключавых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развіццё сельскіх рэгіёнаў з'яўляецца адным з ключавых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў сёння ў час прыёму грамадзян у Лунінцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аднымі з першых на прыём да Максіма Рыжанкова прыйшлі жыхары вёскі Лахва. Раней яны звярталіся ў Адміністрацыю Прэзідэнта з просьбай пасадзейнічаць у аднаўленні амбулаторыі. Вяскоўцы выказалі ўдзячнасць за вырашэнне пытання. На гэты раз яны занепакоены добраўпарадкаваннем сваёй вёскі: іх хвалююць праблемы водазабеспячэння, рамонту дарог, рэканструкцыі дома культуры. Выступаюць жыхары за пераўтварэнне Лахвы ў аграгарадок.

"Статус аграгарадка прадугледжвае пэўныя стандарты. Вядома, вяскоўцы хацелі б атрымаць яго для сваёй вёскі. У іх разуменні гэта азначае яе далейшае жыццё, развіццё. На мой погляд, такія населеныя пункты, дзе пражываюць амаль 200 дзяцей і дынаміка захоўваецца, трэба падтрымліваць. Значыць, людзі там хочуць жыць, у тым ліку моладзь. Дзяржава павінна забяспечваць мінімальны стандарт - даступнасць дашкольнай установы, школы, культурнага цэнтра. Калі гэта будзе стварацца, людзі будуць затрымлівацца. Развіццё сельскіх рэгіёнаў - адзін з ключавых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі", - падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Максім Рыжанкоў выказаў жаданне пасля заканчэння прыёму з'ездзіць у Лахву, азнаёміцца з яе добраўпарадкаваннем. Паводле слоў намесніка старшыні Лунінецкага райвыканкама Руслана Хоміча, у гэтым годзе ў вёсцы прадугледжана будаўніцтва 7 км водаправодных сетак, работы плануюцца на астатніх вуліцах. Акрамя таго, у мінулым годзе ўведзена ў строй станцыя ачысткі вады ад прымясей жалеза. Мясцовыя ўлады распрацавалі праграму паэтапнага рамонту дарог, рэканструкцыі дома культуры.

"Размаўляючы з людзьмі, нельга адразу рабіць вывад, што яны ў нечым не маюць рацыю або раённая вертыкаль зрабіла ўсё магчымае. Калі людзі звяртаюцца, значыць, лічаць, што не ўсё. Хочацца наведаць той ці іншы аб'ект, населены пункт і ўбачыць сваімі вачамі. Таму вырашылі паехаць у Лахву. Думаю, там ёсць куды падцягнуцца раённым уладам, паколькі паступіў калектыўны зварот", - растлумачыў сваю пазіцыю Максім Рыжанкоў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама мае намер асабіста азнаёміцца з умовамі пражывання шматдзетнай сям'і, галава якой запісаўся на прыём грамадзян. Мужчына незадаволены якасцю будаўніцтва дома, узведзенага за кошт ільготнага крэдыту. "Сям'я характарызуецца добра. Трэба пад'ехаць і паглядзець на іх умовы пражывання. Упэўнены, што і там мясцовым уладам можна было б падключыцца, каб дапамагчы гэтай сям'і", - лічыць Максім Рыжанкоў.

На прыём сёння прыйшлі больш за 20 чалавек. Іх хвалявалі пытанні працаўладкавання, налічэння зарплаты і пенсіі, медыцынскага забеспячэння, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Кожны са зваротаў узяты на кантроль.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі