Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 лістапада 2020, 11:45

Румак: комплексны падыход да стварэння даступнага асяроддзя закладзены ў дзяржпраграму на 2021-2025 гады

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У дзяржаўнай праграме "Сацыяльная абарона" на 2021-2025 гады закладзены комплексны падыход да фарміравання даступнага асяроддзя. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак у час круглага стала па тэме "Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і фізічна аслабленых асоб: стварэнне безбар'ернага асяроддзя" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"6 працэнтаў насельніцтва ў нашай краіне - людзі з інваліднасцю. Гэта лічба можа падацца не такой вялікай. Але гэта сотні тысяч людзей, якія з-за стану свайго здароўя не заўсёды могуць скарыстацца той інфраструктурай, якой мы ўсе прывыклі карыстацца штодзень. Таму важным напрамкам сацыяльнай палітыкі дзяржавы з'яўляецца забеспячэнне безбар'ернага, даступнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з інваліднасцю, а таксама фізічна аслабленых асоб - пажылых, мам з каляскамі", - падкрэсліў Аляксандр Румак.

Паводле яго слоў, названая задача вельмі шырокая. Таму што безбар'ернае асяроддзе - гэта не толькі пандусы каля пад'ездаў, з якімі, як правіла, яна асацыіруецца ў грамадстве. "Для забеспячэння сапраўды даступнага асяроддзя трэба зрабіць усё, каб у чалавека на ўсім маршруце не было бар'ераў. У гэтым заключаецца комплексны падыход, які мы ставілі ў аснову пры распрацоўцы дзяржаўнай праграмы "Сацыяльная абарона" на 2021-2025 гады", - сказаў намеснік міністра.

Комплексны падыход заключаецца яшчэ ў тым, каб забяспечыць даступнае асяроддзе для розных катэгорый людзей з інваліднасцю. Гэта і людзі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, і з парушэннямі зроку, зусім без зроку, са слабым слыхам. "Наша работа ў тым, каб уладкоўваць дарожную сетку так, каб яна была зручнай для ўсіх гэтых катэгорый насельніцтва", - сказаў Аляксандр Румак. І прывёў у якасці прыкладу змяненні ў гарадской дарожнай сетцы Мінска ў апошнія гады: тактыльныя накіроўваючыя каля скрыжаванняў, пешаходных пераходаў, тактыльная плітка на тратуарах ужо нікога не здзіўляюць.

"Комплексны падыход праяўляецца таксама ў забеспячэнні даступнасці ва ўсіх сферах нашага жыцця. Гэта не толькі жыллё, дарогі, але і транспарт. На працягу многіх гадоў у краіне закупляецца нізкападлогавы транспарт, каб людзі з інваліднасцю маглі трапіць у аўтобус, тралейбус", - дадаў намеснік міністра. У чыгуначны транспарт закупляюцца спецыяльныя ўстройствы для пад'ёму ў вагон і назад.

Для людзей з парушэннямі слыху адсутнасць бар'ераў праяўляецца перш за ўсё ў даступнасці інфармацыі. Штогод у Беларусі павялічваецца колькасць гадзін трансліруемых праграм і перадач, якія выходзяць у эфір з субтытрамі. І развіццё гэтага напрамку таксама закладзена ў дзяржпраграму на наступную пяцігодку.

А ў законапраект "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі", які быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні, увайшоў яшчэ адзін напрамак - распаўсюджванне "яснай мовы" як спосабу павышэння даступнасці паслуг, атрымання інфармацыі. Людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця для паўнацэннай рэалізацыі сваіх правоў і ўдзелу ў жыцці грамадства неабходна атрымліваць тую ж інфармацыю, што і астатнім грамадзянам, але на зразумелай, даступнай для іх мове. Праект "ясная мова" рэалізуе ГА "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам". Асацыяцыя распрацоўвае і распаўсюджвае праз сістэму ТЦСАНаў дапаможнік па "яснай мове", займаецца пераводам самай важнай нарматыўнай базы ў даступную для такіх людзей форму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі