Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 ліпеня 2024, 12:32

Рагашчук ушанаваў памяць дзяцей - ахвяр ВАВ у Жлобінскім раёне

10 ліпеня, Жлобінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалай Рагашчук усклаў кветкі да помніка дзецям - ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Жлобінскім раёне, перадае БЕЛТА.

Выязное пасяджэнне калегіі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта пачалося каля памятнай кропкі на карце Гомельскай вобласці.

Мікалай Рагашчук і ўдзельнікі калегіі, прыбыўшы да мемарыяла ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна, азнаёміліся з гісторыяй гэтага месца, усклалі кветкі да скульптуры "Абпаленае дзяцінства".

У гэтыя дні прадаўжаецца рэканструкцыя мемарыяла. На яго тэрыторыі ўзводзіцца музейны павільён. Паралельна фарміруюцца матэрыялы для тэматычных экспазіцый. Старшыня Жлобінскага райвыканкама Сяргей Ярац расказаў, як ідзе добраўпарадкаванне.
Мемарыял быў адкрыты ў чэрвені 2007 года. Гэты помнік смутку прысвечаны дзецям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У народзе яго называюць таксама "Дзіцячай Хатынню". Яму няма аналагаў.

Наведвальнікаў сустракае бронзавая фігурка змардаванай дзяўчынкі-падлетка. Яе правобразам стала 15-гадовая ўраджэнка гэтых месцаў Каця Сусаніна, якую выгналі на работы ў Германію ў гады Вялікай Айчыннай вайны і якая не вынесла рабскай працы і здзекаў. Крыху далей на імправізаванай школьнай дошцы ў так званым мёртвым класе адноўлена цалкам яе развітальнае пісьмо свайму бацьку.
Метафарычна гэты клас адлюстроўвае неажыццёўленыя надзеі і знявечаныя жыцці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія былі сілай адабраны ў сваіх маці са Жлобінскага, Рагачоўскага, Добрушскага раёнаў і звезены на зборны пункт вучгаса на тэрыторыі Чырвонага Берага. Паводле існуючай інфармацыі, пасля абследавання дзетак вывозілі ў Германію ў якасці донараў для параненых салдат вермахта. Як сведчаць дакументы, усяго са зборнага пункта было вывезена 1990 хлопчыкаў і дзяўчынак.

З вышыні асабліва выразна ў панараме бачна аўтарская задумка мемарыяла: прамяні-алеі, выкладзеныя з пліткі рознага колеру.

Абноўленую "Дзіцячую Хатынь" плануецца адкрыць у бліжэйшай перспектыве. Дарэчы, аб'ект застаецца адкрыты для наведвальнікаў. Адкрытую частку комплексу добраўпарадкавалі паэтапна. Таму патокі турыстаў у гэта святое месца не спыняюцца.
Як адзначыў Мікалай Рагашчук, некаторыя ўдзельнікі калегіі ўпершыню былі ў гэтым месцы, і ніхто не застаўся абыякавым. "Чарговы раз мы пераканаліся, што нацызм - гэта, напэўна, кара божая была. Таму мы не павінны дапусціць паўтарэння такога, неабходна змагацца з праяўленнямі гэтага зла. Важна расказваць нашым жыхарам, моладзі аб тым, што адбывалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, каб не дапусціць гэтага ў нашай краіне, не дапусціць таго, што адбываецца ў нашых суседзяў. І пабываўшы ў такіх месцах, хочацца асобнае дзякуй сказаць кіраўніку дзяржавы, які змог у гэты няпросты час захаваць мір і стабільнасць у нашай Беларусі", - рэзюмаваў ён.-0-

Фота Сяргея Халадзіліна
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі