Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 студзеня 2021, 17:31

Праграма развіцця Беларусі на пяцігодку адлюстроўвае асноўныя трэнды ў жыцці грамадства - Кунцэвіч

22 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады адлюстроўвае асноўныя трэнды ў жыцці грамадства. Такое меркаванне выказаў сёння ў час абмеркавання дакумента ў Брэсцкім аблвыканкаме намеснік кіраўнка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Фарміруючы вобраз Беларусі будучага, неабходна ўлічваць, што вырасла новае пакаленне - больш прагрэсіўнае і амбіцыйнае, больш індывідуалістычнае, адкрытае ўсяму свету, а таму, можа, і больш неабароненае. Яны хочуць будаваць дзяржаву ў смартфоне, актыўна ўкараняючы лічбавыя тэхналогіі ў паўсядзённае жыццё. Для іх важна бачыць дзяржаву партнёрам, умацоўваючы дыялог і ўзаемны давер дзяржаўных інстытутаў і грамадства. Хачу заўважыць, што гэтыя і іншыя пазіцыі адлюстраваны ў прапанаванай праграме на наступнае пяцігоддзе. Больш таго, аб'яўлены Прэзідэнтам Год народнага адзінства толькі ўзмоцніць гэты трэнд і дасць магчымасць уключыць у працэс выпрацоўкі і рэалізацыі патрэбных для краіны рашэнняў шырокае кола неабыякавых, актыўных людзей. Бо адзінства - гэта не калі ўсе думаюць аднолькава, а калі ёсць агульная мэта, агульная ідэя, накіраваная не на разбурэнне, а на захаванне і прымнажэнне ўжо зробленага", - сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Ён нагадаў прыярытэты першых пяцігадовых праграм - экспарт, жыллё, прадукты харчавання. "Нам сапраўды давялося пачынаць з першарадных задач: накарміць людзей, даць жыллё, зрабіць нашы тавары больш канкурэнтаздольнымі. І многае з гэтага атрымалася. Сёння вытворчасць сельгаспрадукцыі ў нас на ўзроўні развітых краін свету, Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых экспарцёраў малочных прадуктаў, а забяспечанасць жыллём на аднаго жыхара - адна з самых высокіх на постсавецкай прасторы. Да фінішу бягучай пяцігодкі наша краіна заявіла пра сябе ў такіх прарыўных галінах, як біятэхналогіі, ІТ, ядзерная энергетыка, космас. Усё гэта стала магчымым дзякуючы стратэгічным рашэнням, якія былі прыняты Усебеларускім народным сходам на розных этапах развіцця нашай дзяржавы", - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Адной з кропак росту новай праграмы з'яўляецца рэгіянальнае развіццё. Брэсцкая вобласць, жыхары якой заўсёды вызначаліся сваёй прадпрымальнасцю і здольнасцю да пастаяннага развіцця, могуць быць прыкладам для іншых абласцей, лічыць Андрэй Кунцэвіч. "Да Усебеларускага сходу засталося ўсяго тры тыдні, і вельмі важна прысвяціць гэты час актыўнаму абмеркаванню праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Бо УНС - гэта не толькі два дні работы форуму, не менш важныя і каштоўныя абмеркаванні напярэдадні яго, далейшы аналіз вынікаў, рэалізацыя вызначанай праграмы дзеянняў. Таму, з майго пункту гледжання, можна лічыць, што Усебеларускі народны сход пачаўся ўжо", - рэзюмаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку прадставіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. У абмеркаванні прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, прадстаўнікі кіраўніцтва Мінпрацы і сацабароны, Мінжылкамгаса і Мінбудархітэктуры, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу ад Брэсцкай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі