Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 верасня 2020, 17:54

Прафстандарты для рамонту аўто, цырульніцкіх і спа-паслуг распрацуюць у Беларусі

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафесійныя стандарты ў галіне пасляпродажнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў, цырульніцкіх, бытавых касметычных і спа-паслуг распрацуюць у Беларусі. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні Сектаральнага савета кваліфікацый пры Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю з удзелам прадстаўнікоў Мінпрацы, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Асацыяцыі рознічных сетак, Асацыяцыі рэстаратараў, Беларускай асацыяцыі кулінараў, Гільдыі повараў і шэф-повараў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МАРГ.

"Па кожным з гэтых напрамкаў бытавога абслугоўвання вызначаны рабочыя падгрупы, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі профільных асацыяцый і прафесіяналы ў галінах. Завяршыць падрыхтоўку згаданых прафстандартаў намечана на 2021 год. Праекты дакументаў плануецца накіраваць для ацэнкі экспертам, у тым ліку і міжнародным. Аналагічна плануецца арганізаваць работу па пытаннях гандлю і грамадскага харчавання", - расказалі ў МАРГ.

Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аксана Канстанціновіч адзначыла, што сферы рэтэйлу і HoReCa (так званага сегмента гасціннасці, які аб'ядноўвае кафэ, рэстараны, турыстычны і гасцінічны бізнес) істотна трансфармаваліся. Паводле яе слоў, актуальныя прафесійныя стандарты могуць стаць базісам для адукацыйных стандартаў. Гэты тэзіс падтрымаў і прадстаўнік Асацыяцыі рэстаратараў Яўген Васільеў. Ён згадаў пэўны кадравы голад у галіне і прапанаваў разглядаць больш вузкія кваліфікацыі ў сегменце грамадскага харчавання.

"Прафстандарты неабходны і для таго, каб спецыялісты, якія вучыліся самастойна, маглі пацвердзіць сваю кваліфікацыю без папярэдняга праходжання спецыялізаваных праграм або курсаў", - дадалі ў МАРГ.

Сектаральны савет пры МАРГ працуе з пачатку 2020 года. У яго складзе дзве групы: па пытаннях гандлю і грамадскага харчавання і па пытаннях бытавога абслугоўвання. Мэта работы савета - падрыхтоўка прафесійных стандартаў у галінах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі