Сцяг Чацвер, 21 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 ліпеня 2020, 11:02

Прафесіі архітэктара трэба вярнуць былы прэстыж - Пархамовіч

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафесіі архітэктара неабходна вярнуць былы прэстыж. Такое меркаванне выказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслан Пархамовіч на сустрэчы з архітэктарамі абласцей, Мінска і абласных цэнтраў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

Кіраўнік міністэрства канстатаваў, што цяпер "архітэктура практычна здала свае пазіцыі, каб дагадзіць эканамічнай мэтазгоднасці, пажаданням заказчыкаў". "Сёння ўсё працуе дзеля эфектыўнасці, хуткасці і цаны. Але мы павінны разумець, што ні ў якім разе нельга ўпускаць эстэтычны складнік. Архітэктура з'яўляецца адным з важнейшых напрамкаў дзейнасці будаўнічага комплексу", - падкрэсліў Руслан Пархамовіч.

На сустрэчы спецыялісты абмеркавалі шырокае кола пытанняў аб ролі архітэктуры ў будаўнічым працэсе, функцыях архітэктара, перспектывах прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, а таксама расказалі міністру аб асноўных праблемах, з якімі сутыкаюцца архітэктары ў сваёй рабоце. "Усе спецыялісты сышліся на думцы, што павысіць прэстыж прафесіі і ўзровень архітэктурнага выгляду рэспублікі ў тым ліку дапаможа вяртанне прававога статусу пасады "галоўны архітэктар", а таксама вызваленне архітэктараў ад выканання неўласцівых прафесіі функцый", - адзначылі ў прэс-службе.

Кіраўнік ведамства ў сваю чаргу даручыў стварыць рабочую групу па вырашэнні праблемных пытанняў у галіне архітэктуры, павышэнні архітэктурнай выразнасці забудовы і эфектыўнасці выкарыстання тэрыторый, вызначэнні першарадных задач і канкрэтных крокаў па іх дасягненні. Рабочай групе трэба будзе да 1 жніўня прадставіць у Мінбудархітэктуры прапановы па пытаннях павышэння архітэктурнай выразнасці ствараемых раёнаў (кварталаў) жылой і грамадскай забудовы пры распрацоўцы горадабудаўнічай дакументацыі з выключэннем практыкі ўзвядзення будынкаў (збудаванняў), якія парушаюць агульную дызайнерскую канцэпцыю такіх раёнаў (кварталаў). Таксама будуць разгледжаны пытанні недапушчэння неабгрунтаванага павелічэння шчыльнасці забудовы ў ствараемых і існуючых жылых раёнах і забеспячэння апераджальнага будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

"Мы павінны прыкласці сумесныя намаганні, каб вярнуць айчыннай архітэктары былую славу. Цяпер сістэмнага падыходу ў гэтай сферы няма. У гэтай справе трэба навесці парадак і палепшыць архітэктурны выгляд краіны", - падкрэсліў Руслан Пархамовіч.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел старшыня Беларускага саюза архітэктараў Алег Быкоўскі і дырэктар БелНДІПгорадабудаўніцтва Аляксандр Хіжняк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі