Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 студзеня 2019, 17:20

Прадстаўнік БелАЭС расказаў аб варыянтах абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік галоўнага інжынера РУП "Беларуская атамная электрастанцыя" Аляксандр Парфёнаў расказаў аб варыянтах абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) Беларускай АЭС у час сустрэчы з грамадскасцю на сходзе па абмеркаванні экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з АЯП БелАЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для кожнай краіны выбар варыянта абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам з'яўляецца ўнікальным. Тут аказвае ўплыў мноства фактараў, акрамя таго, канчатковае рашэнне залежыць як ад уласных магчымасцей і абавязацельстваў краіны, так і ад прапанаваных замежнымі партнёрамі паслуг. Асноўныя фактары, што ўплываюць на выбар, - перспектывы развіцця ядзернай энергетыкі, патэнцыяльна магчымая колькасць адпрацаванага паліва, наяўнасць уласнай сыравіннай базы, забяспечанасць паліўнымі рэсурсамі, геаграфічнае становішча, геалагічная структура тэрыторыі, вырашэнне экалагічных праблем, эканамічная мэтазгоднасць і г.д. Усё гэта трэба ўлічваць пры распрацоўцы нацыянальнай стратэгіі. На ўзроўні ўрада было прынята рашэнне правесці тэхніка-эканамічнае даследаванне варыянтаў абыходжання з АЯП. Мэтай было з усёй разнастайнасці выбраць асноўныя варыянты", - сказаў Аляксандр Парфёнаў.

Па рэзультатах тэхніка-эканамічнага даследавання ў якасці прыярытэтнага быў вызначаны варыянт абыходжання з АЯП БелАЭС, заснаваны на яго перапрацоўцы ў Расіі з вяртаннем у Беларусь адходаў. Размова ідзе аб адходах, якія змяшчаюць радыенукліды цэзіева-стронцыевай фракцыі з выключэннем радыенуклідаў, што доўга жывуць. "Але пры гэтым былі агавораны тры асноўныя варыянты, што падлягаюць стратэгічнай экалагічнай ацэнцы", - адзначыў намеснік галоўнага інжынера.

Два варыянты - з адпраўленнем апрамянёных цеплавыдзяляльных зборак на перапрацоўку ў Расію (з улікам доўгага захоўвання АЯП у РФ або Беларусі з далейшым вяртаннем і пахаваннем высокаактыўных адходаў у Беларусі) і адзін з захаваннем у Беларусі без адпраўкі ў РФ. "Накіраванне адпрацаванага ядзернага паліва на перапрацоўку ў РФ выключае неабходнасць стварэння на тэрыторыі Беларусі пункта глыбіннага пахавання АЯП", - дадаў Аляксандр Парфёнаў.

"На наступны дзень або нават у тую секунду, як касета трапіла ў актыўную зону, мы маем справу з адпрацаваным ядзерным палівам. Яно ўжо класіфікуецца менавіта так, - растлумачыў намеснік галоўнага інжынера. - Але пры гэтым касеты будуць працаваць па чатыры гады ў актыўнай зоне, пасля гэтага іх плануецца змяшчаць у басейны вытрымкі. Карацей кажучы, праз чатыры гады мы плануем атрымаць першае адпрацаванае паліва".

Адпрацаванае ядзернае паліва мае астаткавае цеплавыдзяленне, таму яго складана транспартаваць. АЯП трэба захоўваць у басейнах вытрымкі прыкладна 10 гадоў.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі