Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 ліпеня 2014, 19:09

Плошча заказніка "Сялява" будзе павялічана на 103,83 га

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Плошча рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Сялява" (Мінская і Віцебская вобласці) будзе павялічана на 103,83 га і складзе 19 319,83 га. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 648 ад 2 ліпеня 2014 года, падрыхтаванай у мэтах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі на 2008-2014 гады. Дакумент уступіць у законную сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела зямель і ландшафтаў упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Трафімовіч.

"У выніку змянення плошчы заказніка з яго межаў будуць выключаны не маючыя вялікай прыроднай каштоўнасці тэрыторыі, на якіх не выяўлены мясціны, што насяляюць рэдкія віды жывёл і на якіх растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Землі, якія ўяўляюць сабой дастатковую прыродную і эстэтычную каштоўнасць, будуць уключаны ў склад "Сялявы", - растлумачыла Таццяна Трафімовіч.

Падрыхтоўцы пастановы папярэднічала сур'ёзная навукова-даследчая работа, праведзеная Нацыянальнай акадэміяй навук. Вучоныя, у прыватнасці, абследавалі прыродныя комплексы і аб'екты заказніка, далі ацэнку стану яго прыродных комплексаў і аб'ектаў, у тым ліку былі выяўлены новыя мясціны, у якіх растуць дзікарослыя расліны і водзяцца дзікія жывёлы, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу. Таксама праведзена ацэнка экалагічна небяспечных фактараў, што аказваюць пагрозу функцыянаванню заказніка.

У выніку праведзенай работы прапанавана карэкціроўка рэжыму аховы і выкарыстання заказніка. Напрыклад, для забеспячэння захавання эталонных участкаў і высокаўзроставых лясоў забараняецца ажыццяўляць на гэтых тэрыторыях усе віды высечкі за выключэннем выбарачных санітарных і суцэльных санітарных у выпадку поўнай гібелі насаджэнняў. Таксама з-за высокага класа пажарнай небяспекі зямель ляснога фонду заказніка стане недапушчальным спальванне там пасечаных астаткаў драўніны, што нарыхтоўвалася. Дадаткова ўводзіцца забарона на разведку і здабычу карысных выкапняў. "Заказнік з'яўляецца ландшафтным і асноўная яго мэта - захаванне возера Сялява, якое з'яўляецца адным з буйнейшых у Беларусі. Паколькі разведка і здабыча карысных выкапняў могуць прывесці да дэстабілізацыі гідралагічнага рэжыму на гэтай тэрыторыі, увядзенне забароны з'яўляецца неабходнай мерай", - сказала Таццяна Трафімовіч.

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Сялява" створаны ў 1993 годзе на тэрыторыі Крупскага раёна Мінскай вобласці і Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Мэта заказніка - захаванне ў натуральным стане ўнікальнага прыроднага ландшафтна-азёрнага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі