Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 чэрвеня 2022, 11:49

Петрышэнка: новая праграма пенсійных накапленняў з дзяржпадтрымкай уводзіцца з 1 кастрычніка

24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая праграма пенсійных накапленняў з фінансавай падтрымкай дзяржавы ўводзіцца з 1 кастрычніка. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нараўне з дзяржаўнай пенсіяй, сёння вельмі важна актыўна развіваць і іншыя складнікі - карпаратыўныя пенсійныя праграмы, сістэму індывідуальных пенсійных зберажэнняў. З 1 кастрычніка бягучага года ўводзіцца новая праграма пенсійных накапленняў з фінансавай падтрымкай дзяржавы - так званая праграма "3+3". Важна адзначыць, што яе рэалізацыя не павялічыць фінансавую нагрузку на работадаўцаў. Кожны застрахаваны ў гэтай праграме атрымае суфінансаванне сваёй будучай накопленай пенсіі ад дзяржавы, а эканоміка - дадатковы інвестыцыйны рэсурс, што вельмі важна ў існуючых умовах", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Атрымальнікам пенсій сёння з'яўляецца кожны чацвёрты жыхар краіны. На пенсійныя выплаты ў 2022 годзе будзе накіравана больш за Br16 млрд, або каля 9 працэнтаў ВУП. У мэтах падтрымання рэальнага ўзроўню даходаў пенсіянераў з 1 сакавіка праведзены пераразлік працоўных пенсій. Яны павялічаны на 7 працэнтаў. Сярэдняя пенсія па ўзросце непрацуючага пенсіянера сёння складае Br583, або каля 40 працэнтаў ад заработнай платы па краіне.

"Рашэнне аб далейшым павышэнні пенсій будзе прымацца з улікам сітуацыі ў эканоміцы і, перш за ўсё, зыходзячы з росту зарплаты работнікаў. Як вы ведаеце, менавіта адлічэнні працуючых фарміруюць асноўную даходную частку бюджэту фонду сацабароны", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі