Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 чэрвеня 2022, 14:13

Петрышэнка: дапамога і падтрымка маладых талентаў - адзін з дзяржаўных прыярытэтаў

1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дапамога і падтрымка маладых талентаў - адзін з дзяржаўных прыярытэтаў. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка 1 чэрвеня ў час цырымоніі ўшаноўвання лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі "Талент Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У малой зале Палаца Рэспублікі сабраліся лепшыя вучні і студэнты - пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў. Побач з імі - іх педагогі і творчыя работнікі, якія дасягнулі значных вяршынь прафесійнага майстэрства дзякуючы падтрымцы фонду.

"Шчыра рады сустрэчы з яркімі прадстаўнікамі маладога пакалення - таленавітымі і адоранымі, працавітымі і мэтанакіраванымі. Вы - надзея Беларусі, чые поспехі прымнажаюць духоўнае багацце нашай краіны, - сказаў Ігар Петрышэнка. - Дапамога і падтрымка маладым талентам у творчым станаўленні і развіцці - адзін з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. У гэтым асноўная задача спецыяльных фондаў па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, якія маюць вялікі вопыт комплекснай падтрымкі юных талентаў ад малодшага ўзросту да ўступлення ў дарослае жыццё".

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што высокія дасягненні моладзі - рэзультат стараннай работы ў спалучэнні з атрыманымі ведамі і адначасова дапытлівасцю розуму, здольнасцю выйсці за рамкі вядомага, а часам і магчымага.

"Сёння для мяне гонар павіншаваць вас і ўручыць заслужаныя ўзнагароды спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы вашаму таленту і майстэрству, за якім стаіць каласальная праца, Беларусь дастойна прадстаўлена на міжнародным узроўні. Вашы дасягненні ў мінулым годзе на прэстыжных конкурсах даюць нам падставу ганарыцца маладым пакаленнем таленавітых беларусаў", - падкрэсліў ён.

У банку даных таленавітай моладзі змешчаны звесткі пра 727 грамадзян і 259 творчых калектываў. За 26 гадоў дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў фонд прыняў рашэнні аб падтрымцы 41 791 вучня і студэнта, 4066 педагагічных і навуковых работнікаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адоранай моладзі.

У цырымоніі ўзнагароджвання таксама прынялі ўдзел міністр культуры Анатоль Маркевіч, міністр адукацыі Андрэй Іванец, старшыні спецыяльных фондаў Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі Алег Румо і Кацярына Дулава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі