Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Петрышэнка: адносіны да людзей з інваліднасцю - індыкатар здароўя грамадства

Грамадства 25.04.2019 | 13:10
Фота з архіва
Фота з архіва

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адносіны да людзей з інваліднасцю застаюцца лакмусавай паперкай здароўя нашага грамадства. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка сёння на пасяджэнні Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На асаблівую важнасць вырашэння праблем, якія абмяркоўваюцца, чарговы раз звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Дадзены адпаведныя даручэнні ўраду і нашаму савету, - адзначыў Ігар Петрышэнка. - Адносіны да людзей з інваліднасцю былі і застаюцца лакмусавай паперкай здароўя нашага грамадства. Нам усім разам трэба рабіць канкрэтныя сумесныя крокі па паляпшэнні стану спраў па кожным асобным напрамку, паслядоўна фарміруючы ў грамадстве прынцыпова іншае стаўленне да інвалідаў, стварэнне для іх аднолькавых магчымасцей".

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі вынікі выканання ў 2018 годзе Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025 гады, актуальныя пытанні забеспячэння жыллём грамадзян з інваліднасцю, практыку рэалізацыі дзяржаўнага заказу ў сферы сацабслугоўвання такіх грамадзян.

У парадак дня дабаўлена пытанне аб працаўладкаванні людзей з інваліднасцю. Гэта тэма прагучала ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. На пасяджэнні агучаны папярэднія падыходы Мінпрацы, грамадскіх аб'яднанняў, іншых зацікаўленых да забеспячэння максімальна поўнай занятасці людзей з інваліднасцю, якія хочуць і могуць працаваць, а таксама па стымуляванні наймальнікаў да працаўладкавання такіх грамадзян і саміх асоб гэтай катэгорыі.

Як адзначыў у дакладзе намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, большасць мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў, якія праводзіліся ў мінулым годзе, звязаны з удасканаленнем дзеючага заканадаўства. "Распрацаваны праект закона "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі". Ён узгоднены з усімі зацікаўленымі і ўнесены ва ўрад для далейшага ўнясення ў Нацыянальны сход", - канкрэтызаваў Аляксандр Румак. Пры гэтым ён падкрэсліў, што давялося прыкласці нямала намаганняў, каб закласці ў праект сапраўды ўзгодненыя падыходы органаў улады і грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў.

Дакументам уведзены новыя тэрміны і паняцці, якіх пакуль няма ў нацыянальным заканадаўстве: дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці, разумнае прыстасаванне, універсальны дызайн і інш. Тэрмін "інваліднасць" прыведзены ў адпаведнасць з Канвенцыяй: акцэнт зроблены не на медыцынскім складніку, а на сацыяльным аспекце - наяўнасці перашкод для ўдзелу інвалідаў ў жыцці нараўне з іншымі людзьмі. Для іх дэкларуецца паўната грамадзянскіх, палітычных, эканамічных і іншых правоў і свабод, прадугледжана забарона на дыскрымінацыю па прыкмеце інваліднасці (у тым ліку пералічваюцца формы дыскрымінацыі). Прадугледжаны меры, накіраваныя на фарміраванне ў грамадстве паважлівых адносін да правоў і годнасці людзей з інваліднасцю.

Маніторынг рэалізацыі правоў інвалідаў, выканання палажэнняў Канвенцыі на месцах будуць упаўнаважаны праводзіць пастаянна дзеючыя міжведамасныя саветы па правах інвалідаў - на раённым, гарадскім і абласным узроўнях. У склад такіх саветаў прапануецца таксама ўключаць прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў.

Рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў (для атрымання асабістай незалежнасці і самастойнасці гэтых грамадзян) у праекце закона таксама ўдзелена вялікая ўвага. Будуць стварацца новыя падраздзяленні на базе дзеючых у ТЦСАНах. Пры неабходнасці структурныя падраздзяленні па рэабілітацыі могуць стварацца таксама ва ўстановах адукацыі і арганізацыях аховы здароўя.

Немалаважны пераход ад стварэння безбар'ернага асяроддзя ў выглядзе асобных сегментаў да забеспячэння даступнасці аб'ектаў, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, разумнага прыставання іх да патрэбнасцей людзей з асаблівасцямі. "Гэта можа быць дасягнута пры поўным выкананні патрабаванняў тэхнічных і нарматыўна-прававых актаў на ўсіх стадыях стварэння і існавання аб'ектаў: ад праектавання да эксплуатацыі", - падкрэсліў Аляксандр Румак.

Уводзіцца і новае права бясплатнага карыстання інвалідамі аўтамабільнымі паркоўкамі (пры прад'яўленні пасведчання).

Паралельна галіновыя міністэрствы рыхтавалі свае нарматыўна-прававыя акты. Так, Міністэрствам адукацыі ў 2018 годзе прыняты шэраг дакументаў, накіраваных на пашырэнне правоў інвалідаў у выхаванні дзяцей і выкананні бацькоўскіх абавязкаў. Міністэрствам транспарту і камунікацый падрыхтаваны змяненні ў пастанову Саўміна па правілах аўтамабільных перавозак. Дазволена бясплатна правозіць тэхнічны сродак рэабілітацыі для асабістага карыстання і спецыяльна абучанага сабаку-павадыра. Пастановай Міністэрства аховы здароўя допуск да кіравання транспартнымі сродкамі катэгорыі В ажыццяўляецца без уліку найму на работу. Гэта значыць людзі са слабым слыхам і глухія, значная частка тых, у каго парушаны функцыі апорна-рухальнага апарату, могут працаваць вадзіцелямі. Хоць яшчэ засталіся пытанні, звязаныя з кіраваннем пераабсталяванага транспарту. Удасканалены парадак арганізацыі медыцынскай рэабілітацыі дзяцей. Перагледжаны патрабаванні да якасці сацыяльных паслуг для асоб з інваліднасцю і іх сем'яў.

Рэспубліканскі міжведамасны савет па праблемах інвалідаў створаны пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 2 лютага 2009 года нумар 129 у мэтах выканання артыкула 10 закона "Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў". У яго складзе кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, цэнтральных грамадскіх арганізацый інвалідаў і ветэранаў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Беларусь - Расія: гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Расія - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі. Аб'ём знешняга гандлю таварамі з Расіяй у 2018 годзе ў параўнанні з 1996-м павялічыўся амаль у 5,5 раза.