Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 красавіка 2020, 15:40

Пацыентаў з каранавірусам у Беларусі лечаць у адпаведнасці з рэкамендацыямі замежных калег - медык

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія бальніцы, у прыватнасці Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца Мінска, маюць усё неабходнае для лячэння пацыентаў з каранавірусам. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы гэтай установы Святаслаў Вельгін.

У лёгкіх і сярэднецяжкіх выпадках імунітэт спраўляецца сам, за пацыентам проста назіраюць. Калі захворванне праходзіць у больш цяжкай форме, прымяняюць лекавыя прэпараты. "Метады лячэння агульнавядомыя, яны ёсць у сусветнай літаратуры. Замежныя цэнтры, якія працуюць з такімі пацыентамі, дзеляцца сваім вопытам. Рэкамендаваныя прэпараты ў нас ёсць, мы іх прымяняем і атрымліваем нядрэнны вынік", - сказаў Святаслаў Вельгін.

Цяпер у Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска знаходзяцца пацыенты ад 17 да 85 гадоў, у якіх пацверджаны каранавірус COVID-19. Маладыя людзі пераносяць захворванне, як правіла, у лёгкай (сцёртай) форме. Часта яны проста носьбіты інфекцыі. Хвароба ў іх можа праходзіць практычна без сімптомаў, з субфебрыльнай тэмпературай і невялікім кашлем, але ім рэкамендуюць масачны рэжым, каб засцерагчы тых, хто побач, у першую чаргу - старых і людзей з хранічнымі хваробамі.

Паводле сусветнай статыстыкі, прыкладна 15 працэнтаў усіх заражаных пераносяць захворванне ў цяжкай форме і маюць патрэбу ў штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленнях рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі.

У бальніцы прыняты ўсе неабходныя меры засцярогі, накіраваныя на абмежаванне кантактаў здаровых людзей з хворымі. "У нас закрытая бальніца, пацыенты не ходзяць па тэрыторыі, а знаходзяцца ў боксах. Ежу ім прыносяць у палаты. Усе перадачы ад сваякоў - праз медперсанал. Адпаведна разрываюцца ланцужкі перадачы інфекцыі", - адзначыў Святаслаў Вельгін. Калі пацыент папраўляецца (атрыманы адмоўныя вынікі на COVID-19), яго выпісваюць дадому. Лячэнне ў сярэднім прадаўжаецца два тыдні.

У Міністэрстве аховы здароўя настойліва рэкамендуюць усім, у каго з'явіліся сімптомы (павышаная тэмпература, кашаль, цяжкае дыханне, заложанасць носа), заставацца дома і патэлефанаваць у рэгістратуру, стол даведак або кол-цэнтр установы аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання). Трэба паведаміць, што непакоіць, пакінуць кантакты (прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, тэлефон), пасля чаго з абанентам звяжацца медработнік і дасць указанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі