9 лістапада, Пінск /Кар. БЕЛТА/. Мурал "Будучыня Беларусі ў тваіх руках" з'явіўся ў Пінску ў дні правядзення рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Арт-аб'ект упрыгожыў сцяну шматпавярховага дома на вуліцы Брэсцкая. На фоне маляўнічай прыроды намаляваны мужчынская, жаночая і дзіцячая далоні, на якіх ляжыць карта Беларусі. У мурал заклалі некалькі глыбокіх сэнсаў: каштоўнасць традыцыйных сямейных адносін, любоў да Радзімы, клопат аб яе паспяховай будучыні. "Рукі мамы, таты і дзіцяці сапраўды сімвалізуюць будучыню, якая ў нашых уласных руках", - заўважыла сакратар ЦК БРСМ Хрысціна Сарока.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук звярнуў увагу, што на Брэстчыне гонар прымаць "Марафон адзінства" выпаў тром гарадам. Першы з іх - Пінск (наперадзе акцыю чакаюць у Брэсце і Баранавічах).
"У гэтыя дні Пінск стаў грамадска-культурным цэнтрам Рэспублікі Беларусь. Рэалізуецца мноства сустрэч, мерапрыемстваў, - сказаў Вадзім Краўчук. - Сёння адкрываем яшчэ адзін падарунак Пінску, які створаны сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі".
У час мерапрыемства заклалі капсулу з пасланнем для моладзі. Адкрыць яе плануецца ў 2047 годзе, у дзень святкавання 950-годдзя Пінска. "Думаю, моладзі ў будучым будзе цікава прачытаць, што ж ім напісалі папярэднікі ў мінулым. У гэта пасланне маладыя людзі Брэсцкай вобласці ўклалі свае эмоцыі. Не буду ўтойваць, былі і спрэчкі, пасланне перапісвалі. Дакумент даволі сур'ёзны. Пажаданне моладзі будучыні, каб яны былі такімі ж актыўнымі, пазітыўнымі, прымалі ўдзел у развіцці краіны, бераглі яе. Сапраўды, гэта важна. Цяпер няпросты час, моладзь таксама гэта адчувае, разумее і, вядома, перажывае", - дадала Хрысціна Сарока.
Навучэнка Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа Жасмін Калпакова пераканана, што будучыня - у кожным з нас. "Мурал наводзіць на думку, што наша краіна была створана і ствараецца толькі рукамі нашага народа. Вядома, у першую чаргу хачу карысці для сябе, а таксама, як нас вучаць, імкнуся дапамагаць людзям. Таму так, думаю і пра будучыню іншых людзей", - сказала дзяўчына. У тым ліку яе прафесія звязана з клопатам аб харчовай бяспецы.
"У мяне было некалькі варыянтаў. Выбрала, што хачу быць тэхнолагам. У сям'і ёсць родныя, якія працуюць на прадпрыемстве мясной прамысловасці. Вырашыла паспрабаваць, ужо на чацвёртым курсе, падабаецца. У лютым выпускаемся. Хачу спачатку працаваць у Пінску, а далей - больш", - падзялілася планамі Жасмін.-0-