Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 лютага 2022, 14:50

Намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі: гіпотэза аб уплыве COVID-19 на анказахваральнасць патрабуе вывучэння

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гіпотэза аб уплыве COVID-19 на анкалагічную захваральнасць патрабуе вывучэння, заявіў журналістам намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Сяргей Красны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раней беларускія анколагі агучылі гіпотэзу аб уплыве COVID-19 на зніжэнне анказахваральнасці. Сяргей Красны нагадаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі істотна (больш як на 25 працэнтаў) знізілася анкалагічная захваральнасць. Гэта экстраардынарная сітуацыя, таму што да гэтага на працягу ўсяго перыяду назірання (а гэта больш за 50 гадоў) адзначаўся толькі рост. Першапачаткова вучоныя выказалі меркаванне, што такое зніжэнне звязана з меншай колькасцю звароту людзей па меддапамогу з-за ўспышкі каранавіруснай інфекцыі.

"У 2021 годзе мы чакалі рэзкага ўсплёску анкалагічнай захваральнасці, прычым думалі, што будуць звяртацца пацыенты з запушчанымі пухлінамі. Мы ўсяляк да гэтага рыхтаваліся. Аднак у 2021 годзе нічога такога не адбылося", - сказаў намеснік дырэктара.

Паводле папярэдніх даных беларускага канцэр-рэгістра (канчатковыя будуць у канцы сакавіка - пачатку красавіка), ужо цяпер можна гаварыць, што ўзровень анкалагічнай захваральнасці ў мінулым годзе застаўся на ўзроўні 2020 года: каля 43 тыс. новых выпадкаў. У 2019 годзе было зарэгістравана 54,5 тыс. новых выпадкаў, у 2020-м чакалі больш за 55 тыс., а то і 56 тыс. "Гэта значыць, калі браць сумарна гэтыя два гады - 2020-ы і 2021-ы - зніжэнне больш як на 25 тыс. новых выпадкаў", - удакладніў Сяргей Красны.

Больш таго, адбылося раўнамернае зніжэнне захваральнасці па ўсіх стадыях. Выяўляльнасць на першай стадыі знізілася прыкладна на 1 працэнт, а на 4-й павялічылася таксама на 1 працэнт. "Вядома, хутчэй за ўсё, гэта звязана з некаторым змяншэннем аб'ёму праграм скрынінгу злаякасных новаўтварэнняў, таму што пры скрынінгу якраз і выяўляецца першая стадыя захворвання. Аднак не назіраецца рэзкага павелічэння колькасці пацыентаў з чацвёртай стадыяй. Такім чынам, хутчэй за ўсё сама каранавірусная інфекцыя ўплывае на анкалагічную захваральнасць", - адзначыў намеснік дырэктара.

Ён дадаў, што гэта гіпотэза выклікала шырокую цікавасць і рэзананс у сродках масавай інфармацыі. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць: гэта толькі гіпотэза і для яе пацвярджэння неабходна некалькі гадоў. Таму не трэба так бурна рэагаваць, дайце нам магчымасць проста павывучаць. Улічваючы, што ў нас такі добры канцэр-рэгістр, я думаю, што адказ на гэта пытанне мы атрымаем гады праз два", - сказаў Сяргей Красны.

Што датычыцца смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў, то яна ў мінулым годзе рэзка знізілася. Звычайна на працягу апошніх 10 гадоў смяротнасць вагалася ў межах 1 працэнта. "У 2021 годзе, зноў жа паводле папярэдніх даных, смяротнасць ад злаякасных пухлін знізілася адразу на 3 працэнты. Гэта вельмі вялікая лічба для нашай рэспублікі. У абсалютных лічбах гэта прыкладна амаль 600 чалавек. Значыць, на 600 чалавек памерла менш, чым у 2020 годзе. Калі гэта сапраўднае зніжэнне анкалагічнай захваральнасці, то смяротнасць у наступныя гады павінна яшчэ больш знізіцца. Вось мы і паглядзім, што будзе адбывацца", - сказаў на заканчэнне намеснік дырэктара.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі