Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 сакавіка 2024, 11:13

"Мы са скейтам - адзінае цэлае". Мінчанін у свае 49 гадоў прадаўжае катацца на скейтбордзе

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Глеб Бенцыёўскі ўпершыню стаў на скейт у 13 гадоў. Той дзень прадвызначыў будучыню мінчаніна. Праз 36 гадоў ён не толькі ўпэўнена трымаецца на дошцы, але і з'яўляецца стваральнікам музея, прысвечанага скейтборду.
Глеб з усмешкай у думках вяртаецца ў лета 1988 года так лёгка, быццам яно было ўчора, хоць на самай справе ў яго жыцці з тых часоў адбылося нямала важных падзей: "Памятаю, на канікулах гасціў у бабулі ў Нальчыку. Як жа моцна я тады марыў пра веласіпед! Але ён маёй сям'і быў не па кішэні, таму бабуля купіла скейт - ён каштаваў у разы танней. Мабыць, я быў адзіным у горадзе падлеткам на скейтбордзе".

Пасля канікулаў падлетак вярнуўся ў Мінск, паколькі пачынаўся навучальны год. Якое ж было яго здзіўленне, калі аказалася, што ў класе новенькі - хлопчык з Таджыкістана, у якога таксама скейт. Дзеці хутка пасябравалі і вечары напралёт ганялі разам на дошках. Прагульвалі ўрокі, атрымлівалі наганяй ад бацькоў, але былі настолькі захоплены сваёй справай, што нішто не магло іх спыніць. "На мінскіх вуліцах стала з'яўляцца больш падлеткаў са скейтамі. Аказалася, у горадзе ёсць нават свая тусоўка, у якую я паспяхова ўліўся. Збіраліся мы на Акадэміі навук два разы на тыдзень. Дарога ад мікрараёна Сухарава, дзе я жыў, займала некалькі гадзін", - успамінае Глеб.
Але пасля развалу СССР многае для хлопцаў, якія збіраліся на Акадэміі навук, змянілася. Глебу і яго сябрам на той момант было па 17-18 гадоў. У многіх востра стаяла пытанне, не на чым і дзе пакатацца, а як у час эканамічнага крызісу дапамагчы бацькам пракарміць сям'ю. "У нас у тусоўцы застаўся касцяк - усяго пяць-дзесяць чалавек. Пазней дзякуючы ім у розных гарадах былога СССР зарадзіўся постсавецкі незалежны скейтбордынг. З'явілася магчымасць выязджаць за мяжу, наведваць скейтшопы, удзельнічаць у спаборніцтвах і так атрымліваць новыя веды, вопыт, прагрэсіраваць", - адзначае Глеб Бенцыёўскі.
Ідэя стварэння музея скейтбордынга з'явілася ў яго ў 2004 годзе. Цяпер там сабрана ўжо вялікая калекцыя з больш як 500 экспанатаў: ад дошак з 1950-х, унікальных узораў савецкай эпохі да больш сучасных скейтаў, якія трапілі ў рукі нашага героя ў розны час. Акрамя таго, тут захоўваецца мноства іншых артэфактаў: значкі, экіпіроўка, аксесуары, дакументы, якія ілюструюць, як гэты від спорту развіваўся ў свеце. "У пачатку 2000-х я ўбачыў сучаснае пакаленне скейтараў: яны куплялі дошку, рабілі на ёй нейкія трукі, ламалі і вярталіся, каб купіць новую. У мой час стаўленне было зусім іншым, напэўна, па некалькіх аб'ектыўных прычынах. Напрыклад, дарагоўлі скейтаў і іх адсутнасці ў магазінах. Маё пакаленне вельмі беражліва ставілася да дошкі, мы з ёй былі адзінае цэлае. У мяне гэта пачуццё захавалася і да гэтага часу. Захацелася ім падзяліцца з падрастаючым пакаленнем", - тлумачыць Глеб матыў стварэння музея.
Прайшоўшы больш як 70-гадовы шлях, скейтбордынг дэбютаваў на Алімпіядзе ў 2020 годзе. У калекцыі Бенцыёўскага ёсць унікальны экспанат, прысвечаны гэтай знамянальнай падзеі. "На гэтай дошцы ездзіла ў Токіа член нацыянальнай зборнай Бразіліі Дора Варэла. Яна асабіста перадала нам артэфакт", - удакладняе Глеб.

Яго асаблівая гордасць - першы беларускі скейтборд, "Асфальтавы сёрфер "ТНП 010", які завод "Кавліцмаш" (у мінулым "Кавмаш") серыйна запусціў у 1984 годзе. Тое, што старт вытворчасці першых у Беларусі ролікавых дошак пачаўся менавіта ў Пінску, Бенцыёўскі даказаў асабіста: "Прадстаўнікі завода звярнуліся па дапамогу. Іх цікавіла гісторыя прадпрыемства, у прыватнасці выпуск ролікавых дошак. Я падняў свае архівы. Пасля мы разам сталі капаць глыбей, пакуль дакументальна не пацвердзілі - першы беларускі борд быў выраблены ў Пінску! А ідэя яго стварэння нарадзілася ў аднаго з супрацоўнікаў завода за тры гады да яе рэалізацыі ў час замежнай камандзіроўкі".
Глеб Бенцыёўскі - чарговы герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы даведаліся ў яго, навошта скейтбардыстам мотакамбінезон, ці можна па гуку вызначыць, ці добрая дошка, і як выбраць найлепшую для дзіцяці.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачыма простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі