Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 ліпеня 2020, 15:31

МУС пачало абвяргаць фэйкі ў Telegram

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МУС Беларусі пачало абвяргаць фэйкі ў сваім Telegram-канале, паведамляе БЕЛТА.

Сёння ў Telegram-канале афіцыйнага прадстаўніка МУС з'явіліся абвяржэнні распаўсюджваемых у Беларусі фэйкаў. Яны публікуюцца пад хэштэгам #ПРОВЕРЕНО_МВД.

"У МУС праводзіцца рэгулярны маніторынг інфармацыі, якая размяшчаецца ў інтэрнэце. Нярэдка яна з'яўляецца скажонай, непраўдзівай і правакацыйнай", - гаворыцца ў паведамленні.

"Вядомы ў пэўных колах Telegram-канал паведаміў пра небывалую колькасць міліцыі ў адным з храмаў Гомеля. Напярэдадні "актывісты" заклікалі гараджан памаліцца там за здароўе затрыманых. На іх здзіўленне, "найбольш актыўна адклікнуліся сілавікі". Аўтары матэрыялу звязалі наяўнасць спецаўтатранспарту, супрацоўнікаў ДАІ, патрульных, АМАПа з палітычным кантэкстам, "забыўшы", што ў гэты ж час горад святкаваў Дзень моладзі", - адзначылі ў МУС.

Супрацоўнікі міліцыі ахоўвалі грамадскі парадак на свяце, месцам правядзення якога стала набярэжная ракі Сож каля Парка культуры і адпачынку - якраз побач са Свята-Петра-Паўлаўскім саборам. "Жадаючыя хайпануць аб'ядналі гэтыя падзеі, для пераканаўчасці паказаўшы вартавых правапарадку на фоне храма", - падкрэслілі ў ведамстве.

"Не забываюць "канапныя" эксперты падаграваць цікавасць аўдыторыі і да пандэміі COVID-19. "Новая ўспышка каранавіруса ў N-скім РАУС Магілёўскай вобласці". Звязаліся з аддзелам - усе падраздзяленні працуюць, кіраўніцтва на месцы, каранціну няма. Дыягназ пацверджаны ў пяці супрацоўнікаў. На ўспышку не вельмі падобна, затое як гучыць!" - гаворыцца ў адным з абвяржэнняў.

У ведамстве ўсумніліся ў праўдзівасці відэа "мінскага бязмежжа" - у роліку міліцыянер з размаху б'е дубінкай бяздомнага, які мірна сядзіць на прыступках. "З першага разу здаецца, што відэа знята выпадкова. З другога ўгадваецца рэжысёрская задума, а з трэцяга становіцца зразумела, што не Мінск гэта зусім, і нават не Беларусь", - заўважылі ў МУС.

Пракаменціравалі ў міністэрстве і "дыверсію ў Салігорску". Там каля сотні легкавых машын задзейнічалі ў пастановачным фота "Перамога". "На самай справе фатаграфія была зроблена пяць гадоў таму. Мясцовыя жыхары такім чынам аддалі даніну павагі воінам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. На арыгінале ўверсе лічба 70 сімвалізуе 70 мірных гадоў. І вось праз гады лёгкім рухам камп'ютарнай мышы "крэатыўшчыкі" мяняюць у фотошопе "70", карэнным чынам змяняючы і сэнс карцінкі. Нічога святога", - адзначылі ў МУС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі