Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 жніўня 2020, 09:11

Мінсувязі расказала аб асноўных этапах рэалізацыі БІСРС

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган 25 жніўня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў праінфармаваў аб асноўных этапах рэалізацыі маштабнага праекта "Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма" (БІСРС). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінсувязі.

Работа па стварэнні БІСРС праводзіцца ў комплексе з працэсам укаранення біяметрычных дакументаў, якія заменяць традыцыйны пашпарт грамадзяніна Беларусі. Асноўныя кампаненты сістэмы ўжо створаны альбо будуць уведзены да канца года. Завяршаюцца работы і па правядзенні доследнай эксплуатацыі пілотнай зоны сістэмы.

У сваім дакладзе міністр спыніўся на асноўных этапах рэалізацыі гэтага праекта. "Стварэнне Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы - важны крок да развіцця электроннага ўрада. БІСРС аблегчыць і спросціць дыялог паміж грамадзянамі і дзяржавай шляхам змяншэння бюракратычных патрабаванняў для аказання электронных паслуг, што таксама будзе садзейнічаць змяншэнню карупцыйных праяў", - адзначыў Канстанцін Шульган.

Паводле яго слоў, сістэма выконвае найважнейшую задачу электроннага ўрада - аўтаматызацыю абслугоўвання грамадзян і юрыдычных асоб пры выкананні адміністрацыйных працэдур і электронных паслуг, дзе галоўным элементам з'яўляецца ўкараненне электроннага засведчвання асобы на базе ID-карткі, а таксама стварэнне і развіццё дзяржаўнага партала электронных паслуг.

Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма - комплекс інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, прызначаны для ідэнтыфікацыі карыстальнікаў (фізічных і юрыдычных асоб) з прымяненнем ідэнтыфікацыйных картак (ID-картак) для аказання ім электронных паслуг (у тым ліку адміністрацыйных працэдур) на аснове адзіных правіл. Стварэнне БІСРС з'яўляецца адным з ключавых мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі