Сцяг Чацвер, 28 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 лістапада 2024, 10:45

Мінск занепакоены актывізацыяй дзейнасці краін НАТА на заходніх рубяжах АДКБ

28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск занепакоены актывізацыяй дзейнасці краін - членаў НАТА на заходніх рубяжах АДКБ. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у Астане на сумесным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

Беларускі бок на мерапрыемстве прадстаўлялі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч і міністр абароны Віктар Хрэнін.

Адбыўся адкрыты абмен меркаваннямі па шырокім коле пытанняў рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, а таксама аб бягучай ваенна-палітычнай сітуацыі ў зоне адказнасці АДКБ.

Выступаючы ад імя беларускай дэлегацыі, Максім Рыжанкоў заявіў аб беспрэцэдэнтным росце напружанасці ў рэгіёне і свеце ў цэлым, абвастрэнні ўзброеных канфліктаў і мілітарызацыі міжнародных адносін. Выказаў занепакоенасць у сувязі з актывізацыяй дзейнасці краін - членаў НАТА на заходніх рубяжах АДКБ і нарошчваннем наступальнага патэнцыялу альянсу ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заклікаў інтэнсіфікаваць намаганні па дээскалацыі напружанасці і паглыбленні прадметнага дыялогу па пабудове архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі на еўразійскай прасторы ў рамках фарміравання новага шматпалярнага светаўладкавання. У гэтым кантэксце нагадаў аб праведзенай 31 кастрычніка - 1 лістапада 2024 года ІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, у ходзе якой прайшлі зацікаўленыя дыскусіі па гэтым пытанні.

Максім Рыжанкоў акцэнтаваў значную ролю АДКБ як у пытаннях умацавання бяспекі і стабільнасці на еўразійскай прасторы, так і ў сферы забеспячэння бяспекі сваіх дзяржаў-членаў. Ён адзначыў важнасць сумеснай салідарнай работы ў рамках АДКБ у мэтах эфектыўнага процістаяння сучасным выклікам і пагрозам бяспецы.

На сумесным пасяджэнні былі прыняты заявы міністраў замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ аб стане спраў у Афганістане і ў сувязі з 20-годдзем прадастаўлення АДКБ статусу наглядальніка ў Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама шэраг дакументаў па ўмацаванні ваеннага складніка АДКБ.

Міністры замежных спраў, міністры абароны і сакратары саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ таксама адобрылі шэраг дакументаў па актуальных пытаннях развіцця і ўдасканалення Арганізацыі ў палітычнай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах, якія былі перададзены на разгляд сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.-0-
Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі