Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 красавіка 2019, 14:07

Мінлясгас заклікае не выпальваць сухую траву

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства лясной гаспадаркі заклікае не спальваць сухую расліннасць і смецце, паколькі гэта з'яўляецца адной з асноўных прычын лясных пажараў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.

"У лясах Беларусі ў самым разгары пажаранебяспечны сезон. Сітуацыю ўскладняюць вясеннія выпальванні. Пры гэтым агонь часта пераходзіць на лясныя насаджэнні, што значна шкодзіць і лясному фонду, і прыроднай разнастайнасці Беларусі. У сувязі з гэтым Міністэрства лясной гаспадаркі заклікае грамадзян быць асцярожнымі з агнём, не рызыкаваць сваім жыццём, здароўем, маёмасцю, не наносіць шкоду бяздумнымі дзеяннямі навакольнаму асяроддзю", - сказалі ў прэс-службе.

Да хуткага распаўсюджвання агню прыводзяць пагодна-кліматычныя ўмовы: цяпло, доўгая адсутнасць ападкаў, парывісты вецер.

Больш за 13 тыс. службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы пераведзены на ўзмоцнены рэжым нясення службы. У сістэме Мінлясгаса абсталявана 257 пажарна-хімічных станцый і 660 пунктаў проціпажарнага інвентару. На ліквідацыі ўзгаранняў задзейнічана 545 пажарных аўтамабіляў, больш за 1 тыс. трактароў з глебаапрацоўчымі прыладамі для пракладкі мінералізаваных палос і іншы інвентар. Пры найбольш значных узгараннях выкарыстоўваецца таксама дапамога авіяцыі МНС.

З пачатку года ў Беларусі ўжо здарылася 180 лясных пажараў на плошчы большай за 800 га. Найбольш складаная сітуацыя - у Брэсцкай вобласці. Па стане на 24 красавіка ў гэтым рэгіёне адбыўся ўжо 81 лясны пажар на плошчы звыш 600 га. "У Брэсцкай вобласці з пачатку года здарыліся тры трансгранічныя пажары. Узгаранне распаўсюдзілася на беларускія лясы з тэрыторыі Украіны", - адзначылі ў прэс-службе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі