Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 мая 2021, 17:48

Міністэрства аховы здароўя: па паляпшэнні рэпрадуктыўнага здароўя беларусаў вядзецца вялікая работа

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вядзецца вялікая работа па паляпшэнні рэпрадуктыўнага здароўя беларусаў, барацьбе з бясплоднасцю. Аб гэтым паведаміў сёння начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Лазар на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня сям'і, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нараджальнасць у Беларусі зніжаецца: у параўнанні з 2019 годам у 2020-м нарадзілася на 6,2 працэнта менш дзяцей. Усяго ў мінулым годзе на свет з'явілася 82 124 дзіцяці. Прымаюцца меры па змяненні гэтай тэндэнцыі.

"Асаблівую заклапочанасць выклікае высокі ўзровень бясплоднасці - ён складае 14 працэнтаў. Выяўлена прамая сувязь з узростам і гінекалагічным анамнезам жанчын, станам рэпрадуктыўнага здароўя жанчын і мужчын. За апошнія 20 гадоў колькасць жанчын, якія церпяць ад бясплоднасці, вырасла: з узроўню 456,5 на 100 тыс. жаночага насельніцтва ва ўзросце 18-49 гадоў у 2009 годзе да 688 - у 2020 годзе", - прывёў лічбы Дзмітрый Лазар.

Мужчыны рэдка звяртаюцца за медыцынскай дапамогай, таму невялікі паказчык мужчынскай бясплоднасці - не падстава для самазаспакаення.

Гарантавана ў рэспубліцы і адна бясплатная спроба ЭКА. Зніжаецца колькасць абортаў, у тым ліку дзякуючы ўкараненню предабортнага псіхалагічнага кансультавання.

Забяспечваюцца і іншыя гарантыі абароны правоў мацярынства і дзяцінства, шмат сіл і сродкаў укладваецца ва ўдасканаленне сістэм ранняй дыягностыкі і лячэння паталогій у будучых бацькоў і плода, выходжвання немаўлят. Ультрагукавы скрынінг цяжарных дазваляе штогод выяўляць каля 1,5 тыс. выпадкаў прыроджаных парокаў развіцця.

Адноўлена правядзенне партнёрскіх родаў, у родадапаможных установах адразу пасля нараджэння побач з маці знаходзяцца 90 працэнтаў немаўлят.

Укараняюцца розныя меры сямейна арыентаванай меддапамогі нованароджаным: максімальная магчымасць шпіталізацыі маці для догляду дзяцей, падтрымка груднога выкормлівання, актыўнае ўключэнне маці ў працэс выходжвання нованароджанага, асабліва неданошанага. У тым ліку ўкаранёны перадавы метад выходжвання "кенгуру" на першым этапе рэабілітацыі немаўлят. Працуе школа бацькоў неданошаных дзяцей.

У гэтым годзе ў Беларусі пачынаецца акцыя "Бальніца, добразычлівая да дзіцяці": лепшая ўстанова па выніках маніторынгу атрымае адпаведны сертыфікат, які засведчыць максімальна камфортныя ўмовы для дзяцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі