Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 студзеня 2021, 16:22

Махляры ствараюць сайты ад імя "Белпошты" для крадзяжу грошай з банкаўскіх картак

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Махляры ствараюць фэйкавыя сайты ад імя РУП "Белпошта" для крадзяжу грошай з банкаўскіх картак, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

"Пачасціліся выпадкі кібермахлярства ў сферы продажу і дастаўкі тавараў, якія набываюцца грамадзянамі праз інтэрнэт. Махляры падманным шляхам выкрадаюць грошы і даныя банкаўскіх картак з дапамогай падробных сайтаў РУП "Белпошта". Пры гэтым знешнія атрыбуты сайтаў часта поўнасцю капіруюць дызайн афіцыйнага інтэрнэт-партала і таварны знак нацыянальнага аператара паштовай сувязі. Для праўдападобнасці выкарыстоўваюцца даменныя імёны, якія адрозніваюцца ад арыгінальнага belpost.by адным або некалькімі сімваламі (bellpost.be, bellpochta.be, belpost.bj, belposta.bz, belpost.getpay.by і да т.п.)", - расказалі на прадпрыемстве.

Полем махлярскай дзейнасці, як правіла, з'яўляюцца папулярныя гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі, на якіх грамадзяне размяшчаюць розныя аб'явы аб куплі/продажы тавараў. Зламыснік, які выступае ў ролі пакупніка/прадаўца, звязваецца з патэнцыяльнай ахвярай з дапамогай мэсэнджараў (Viber, WhatsApp і інш.). Пад выглядам аплаты або атрымання грашовых сродкаў за тавар ён прапануе скарыстацца паслугамі нацыянальнага аператара паштовай сувязі. З гэтай мэтай накіроўваецца спецыяльна падрыхтаваная спасылка на фішынгавы сайт. Чалавек, перайшоўшы па спасылцы, уводзіць у пустыя палі "сэрвісу аплаты" даныя сваёй банкаўскай плацежнай карткі, пасля пацвярджэння якіх праводзіцца поўнае спісанне грашовых сродкаў.

Таксама махляры рассылаюць на электронныя паштовыя адрасы паведамленні аб аплаце дастаўкі заказанага тавару, прычым незалежна ад таго, чакаецца яго паступленне ці не. Далей прапануецца перайсці па спасылцы на фішынгавую інтэрнэт-старонку з формай аплаты, пасля правядзення якой адбываецца крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскай плацежнай карткі.

Каб своечасова распазнаць махляроў і не пацярпець ад іх дзеянняў, "Белпошта" рэкамендуе звяртаць увагу на некаторыя характэрныя прыкметы. Напрыклад, код краіны і мабільнага аператара ў нумары мабільнага тэлефона не адпавядае рэгіёну пражывання, даменнае імя адкрытага па спасылцы сайта ў адрасным радку не адпавядае афіцыйнаму інтэрнэт-рэсурсу арганізацыі. Таксама павінна насцярожыць, калі прапануецца толькі адзін спосаб аплаты і дастаўкі тавару, прычым выключна па накіраванай спасылцы. "Пры выяўленні прыкмет магчымага махлярства лепшым рашэннем з'яўляецца неадкладная адмова ад здзелкі", - падкрэслілі ў "Белпошце".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі