Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 верасня 2021, 15:21

Магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу плануецца пашырыць

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу плануецца пашырыць. Гэтыя нормы будуць уключаны ў праект указа, які сёння абмяркоўваўся на нарадзе ў Прэзідэнта і ў цэлым быў адобраны кіраўніком дзяржавы. Дакумент будзе ў бліжэйшы час дапрацаваны і ўнесены Прэзідэнту для падпісання. Аб гэтым паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч па выніках нарады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яе слоў, прапануецца пашырыць магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу за кошт такіх напрамкаў, як жыллё, медыцына, адукацыя. Новым напрамкам стане магчымасць набыць сродкі сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі для сем'яў, у якіх дзеці або бацькі маюць інваліднасць.

"Мы ў бягучым годзе і ў мінулым годзе правялі ва ўсіх рэгіёнах сустрэчы са шматдзетнымі сем'ямі, і ў праекце ўказа закладзены якраз прапановы шматдзетных сем'яў па пашырэнні выкарыстання сямейнага капіталу. Гэта жыццёвыя сітуацыі, у якіх сёння аказваюцца шматдзетныя сем'і, і яны папрасілі ў дзяржавы даць магчымасць пашырыць выкарыстанне сямейнага капіталу", - растлумачыла Ірына Касцевіч.

Міністр падкрэсліла, што сямейны капітал - гэта самая запатрабаваная сацыяльная мера дзяржпадтрымкі сярод шматдзетных сем'яў, якая дазваляе стымуляваць нараджэнне трэціх і наступных дзяцей. Такі капітал з'явіўся ў Беларусі з 2015 года і паказаў сваю эфектыўнасць: за апошнія 10 гадоў колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася амаль у 2 разы. З 2020 года праграма сямейнага капіталу была прадоўжана і мадэрнізавана - прадастаўлена права выкарыстоўваць яе датэрмінова. Прынята ўжо амаль 40 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам (усяго з 2015 года адкрыта 104 тыс. дэпазітных рахункаў з сямейным капіталам на суму $824 млн і Br484 млн).

З агульнай колькасці тых, хто скарыстаўся капіталам датэрмінова, 90 працэнтаў накіроўвалі грошы на паляпшэнне жыллёвых умоў. Таму ў праекце ўказа такія магчымасці пашыраны. У прыватнасці прапануецца дазволіць накіроўваць яго на пагашэнне пазыкі на будаўніцтва (рэканструкцыю), набыццё жылля, прадастаўленага арганізацыямі па месцы работы членаў сям'і, на набыццё долі жылога памяшкання, у выніку чаго сям'я становіцца ўласнікам усяго жылля.

Каб не дапусціць нямэтавае выкарыстанне сямейнага капіталу, у праекце ўказа прапануецца ўвесці абмежавальныя меры.

Акрамя таго, падтрымана ініцыятыва шматдзетных сем'яў прадаставіць ім магчымасць за сродкі сямейнага капіталу купляць медыцынскія вырабы і лекавыя сродкі для складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у артапедыі. А таксама набываць тавары для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, дзяцей-інвалідаў з парушэннямі зроку, апорна-рухальнага апарату.

"Меры, якія закладзены ў праекце ўказа, у асноўным падтрыманы. Але кіраўнік дзяржавы паставіў задачу яшчэ раз уважліва паглядзець праект. Самае галоўнае - каб па кожнай з мер датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу гэта было на кантролі ў органаў выканаўчай улады на месцах, - падкрэсліла міністр. - Мы аператыўна будзем дапрацоўваць гэты праект указа разам з аблвыканкамамі, каб рэалізаваць у ім усе даручэнні кіраўніка дзяржавы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі