Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2022, 18:42

Летняя аздараўленчая кампанія стартуе 1 чэрвеня

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Летняя аздараўленчая кампанія стартуе 1 чэрвеня, паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай у час пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі: актуальныя пытанні".

"Зразумела (лагеры. - Заўвага БЕЛТА), могуць пачаць работу па-рознаму з-за тэмпературнага рэжыму або аб'ёму работ, якія трэба зрабіць, але сама летняя аздараўленчая кампанія ў цэлым стартуе 1 чэрвеня", - сказаў Аляксандр Цай.

Паводле слоў кансультанта галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларысы Емяльянчык, плануецца, што з 1 чэрвеня будуць адкрыты ўсе лагеры з дзённым знаходжаннем, а ў першай дэкадзе чэрвеня максімальна адкрыюцца і лагеры з кругласутачным знаходжаннем. Такая сітуацыя звязана з аб'ектыўнымі прычынамі: ацяпляльны сезон завершаны, а вясна пакуль не радуе.

Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубраня" пачне прымаць дзяцей на летняе аздараўленне ўжо з 27 мая. А 29 мая ў "Зубраняці" плануецца маштабны рэспубліканскі старт летняй аздараўленчай кампаніі "Лета-2022". Прадугледжваецца, што да 3 чэрвеня такія мерапрыемствы пройдуць у кожным рэгіёне. "Мы вядзём работу з рэгіёнамі, каб скласці графік правядзення гэтай акцыі, і будзем спадзявацца, што СМІ наведаюць нашы лагеры. Разлічваем, што ў далейшым гэта стане добрай традыцыяй", - сказала Ларыса Емяльянчык.

Аляксандр Цай дадаў, што цяпер самы актыўны перыяд падрыхтоўкі. "Яшчэ тыдзень ён будзе прадаўжацца: і касметычны рамонт, і падрыхтоўка тэрыторыі, закупка неабходнага абсталявання, інвентару. Цяпер кіпіць работа", - адзначыў ён, дадаўшы, што ўсе лагеры за пяць дзён да пачатку змены будуць прыняты да работы.

Намеснік дырэктара цэнтра заўважыў, што павышаная ўвага ўдзяляецца загараднаму аздараўленню, паколькі там дасягаецца найбольшая медыцынская эфектыўнасць. У сувязі з гэтым захаваны 145 стацыянарных лагераў. Больш таго, актыўна задзейнічаецца арандаваная база, у прыватнасці санаторна-курортныя арганізацыі.

Паводле слоў намесніка старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзіма Грачова, пытанню бяспекі ўдзяляецца павышаная ўвага. У прафсаюзаў ёсць права праводзіць грамадскі кантроль выканання заканадаўства аб працы і ахове працы. "Тэхнічная інспекцыя федэрацыі - гэта больш як 110 спецыялістаў - таксама ажыццяўляе неабходныя мерапрыемствы. У 2021 годзе тэхнічныя інспектары абследавалі 130 дзіцячых аздараўленчых лагераў, выдадзена 123 рэкамендацыі на ўстараненне больш як 700 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы", - адзначыў ён.

Вадзім Грачоў звярнуў увагу: пад асаблівым кантролем тэхнічны стан аб'ектаў, дзіцячага абсталявання. Тэхінспектары выяўлялі шматлікія парушэнні, якія маглі прывесці да трагедыі. Напрыклад, у мінулым годзе зафіксаваны факт, калі канец спуску на горцы быў на 40 см вышэйшы за паверхню зямлі. "Да чаго гэта магло прывесці? Дзіця з'едзе з гэтай горкі, недзе не затармозіць - і траўма пазваночніка або ніжняй часткі цела, - адзначыў ён. - Драўляныя або металічныя элементы лавак не прывараны або не прымацаваны адпаведным чынам. Гэта таксама можа прывесці да траўмы. Лаўкі, дзіцячыя гарадкі, арэлі - гэта ўсё павінна быць абследавана загадзя".

"Гэта значыць, мы фіксуем, падказваем, выдаём рэкамендацыі", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі