Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 сакавіка 2020, 11:04

Лёсы, складзеныя ў трохкутнік: Аляксандр Клышка

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговы выпуск сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" прысвечаны камандзіру рамонтнага ўзвода самаходна-артылерыйскага палка 1-га Беларускага фронту Аляксандру Клышку.

"Прывітанне, усе мае дарагія - і Насценька, і дзеці, і мама, і Раінька, наогул, усім прывітанне і шмат пацалункаў. Мне цяжка ўявіць, што вы маглі перажыць за гэтыя тры гады пад нямецкім ботам. І наогул ці жывыя вы?" - пісаў 5 ліпеня 1944 года на свой даваенны мінскі адрас на вуліцу Чкалава старшы тэхнік - лейтэнант Аляксандр Клышка. З першых дзён Вялікай Айчыннай ён пайшоў на фронт. У Мінску засталіся жонка Настасся і дзеці - Валя, Рымачка і Марацік, ад якіх не было ніякіх вестак. Трывога за сям'ю не адпускала ні ў цяжкія дні адступлення, ні ў баях пад Масквой і на Паўднёва-Заходнім фронце.

Перамогу Аляксандр Клышка сустрэў у Аўстрыі. На подступах да Вены разам з двума памочнікамі адрамантаваў на працягу чатырох гадзін СУ-100, пашкоджаную агнём праціўніка. На адной з вуліц Вены закідаў гранатамі варожых аўтаматчыкаў, якія заселі ў доме, знішчыў 15 салдат і афіцэраў і ўзяў у палон чатырох.

Толькі ў снежні 1946 года двойчы ардэнаносец лейтэнант Аляксандр Клышка быў дэмабілізаваны. Праходзячы па родных вуліцах Мінска, франтавік не пазнаваў горад, знявечаны вайной. Каля моста праз Свіслач паблізу Нямігі ён сустрэў дзвюх дзяўчынак, і быццам нешта падштурхнула запытаць: "Чые будзеце?" - "Клышкіны мы..."

Асабістыя гісторыі праекта "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" будуць выходзіць на сайце БЕЛТА штотыдзень да 9 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі