Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2021, 10:00

Кухараў даручыў дэталёва вывучыць прычыны аварыі на цепласетках у Маскоўскім раёне

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падчас аператыўнай нарады ў Мінскім гарвыканкаме кіраўнік сталіцы Уладзімір Кухараў паставіў шэраг актуальных задач. Падрабязнасці апублікаваны ў Telegram-канале "Мінск. Афіцыйна", паведамляе БЕЛТА.

Мэр запатрабаваў разабрацца ў прычынах аварыі на цеплавых сетках, якая здарылася на мінулым тыдні ў Маскоўскім раёне. "Ён даручыў правесці экспертызу стану цепласетак, а таксама якасці матэрыялаў, якія прымяняюцца падчас рамонтных работ пры ўстараненні паломак", - сказана ў паведамленні.

Акрамя таго, адміністрацыям раёнаў горада і ўпраўленню жыллёвай палітыкі даручана не зніжаць узятыя ў мінулым годзе тэмпы па накіраванні шматдзетных сем'яў на будаўніцтва жылля. Тыя, хто знаходзіцца ў чарзе больш за год, павінны вырашыць кватэрнае пытанне ўжо ў бягучым годзе.

Профільным службам даручана забяспечыць узвядзенне аб'ектаў у горадзе-спадарожніку Смалявічах ва ўстаноўленыя тэрміны. Там у гэтым годзе запланавана будаўніцтва жылля, дзіцячага сада, паліклінікі.

Асаблівую ўвагу Уладзімір Кухараў звярнуў на правядзенне ў сталіцы капрамонту жылля. У бягучым годзе трэба ўвесці ў эксплуатацыю больш за 1 млн кв.м абноўленай плошчы. У гэтай рабоце неабходны комплексны падыход, які прадугледжвае абнаўленне не асобных дамоў, а цэлых кварталаў, пабудаваных у адзін час. Паралельна трэба добраўпарадкоўваць дваровыя тэрыторыі, мінімізуючы нязручнасці для гараджан.

Службам ЖКГ таксама пастаўлена задача забяспечыць размяшчэнне кантэйнерных пляцовак на ўездах-выездах з двароў, каб спецтэхніка магла бесперашкодна даехаць і своечасова вывезці адходы.

Сталічным службам даручана прадставіць дакладны графік будаўнічых работ 3-й лініі метрапалітэна на наступны год і забяспечыць выкананне пастаўленых задач ва ўстаноўленыя тэрміны.

На фоне зніжэння захваральнасці на COVID-19 у сталіцы шэраг часова прызначаных пад прыём пацыентаў з каранавірусам сталічных клінік вяртаецца да звычайнага рытму работы. Задача - зрабіць гэты працэс паступовым і забяспечыць усе віды медыцынскай дапамогі ў ранейшым аб'ёме для жыхароў Мінска.

На нарадзе разгледжаны таксама меры па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі