Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лістапада 2020, 14:47

Крывашэеў: беларускія журналісты тэхнічна і этычна гатовы процістаяць лавіне фэйкаў

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія журналісты тэхнічна і этычна гатовы процістаяць лавіне фэйкаў, заявіў старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў у час XIV з'езда БСЖ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь і журналісцкая супольнасць не пачыналі гэту эпоху постпраўды і фэйк-ньюс. Нас, па сутнасці, увялі ў гэту эпоху. Прычым у такім рэактыўным рэжыме, асабліва з пачатку бягучага вельмі няпростага года. Але на гонар беларускіх журналістаў, у сваёй большасці ўсе прытрымліваюцца этычных стандартаў прафесіі. Усе прытрымліваюцца норм новай Глабальнай хартыі журналісцкай этыкі, якая была прынята ў канцы мінулага года Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. Па сутнасці, гэта малая этычная канстытуцыя для журналістаў, для больш як 180 журналісцкіх асацыяцый усяго свету", - сказаў Андрэй Крывашэеў.

Паводле яго слоў, верыфікацыя даных, праверка фактаў на дакладнасць - становяцца адным з ключавых напрамкаў работы сучаснага журналіста. "Уласна кажучы, анты-фэйк становіцца асобным жанрам журналістыкі, які, дарэчы, вельмі папулярны ў нашых чытачоў, падпісчыкаў, гледачоў, фаловераў, радыёслухачоў. Таму, на мой погляд, нашы калегі, беларускія журналісты, тэхнічна, этычна, маральна гатовы да таго, каб процістаяць гэтай лавіне фэйкаў, - адзначыў старшыня БСЖ. - Што датычыцца Беларускага саюза журналістаў, то сёння на з'ездзе мы разлічваем значна ўмацаваць камісію па этыцы. І гэта камісія будзе дапамагаць, у тым ліку на ўзроўні рэспублікі, для рэгіянальных буйных медыяхолдынгаў падтрымліваць высокія этычныя стандарты, этычную планку нашых беларускіх калег журналістаў".

Акрамя таго, сёння на з'ездзе БСЖ будзе ўдзелена ўвага пытанням лічбавізацыі рэгіянальных СМІ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі