9 лістапада, Пінск /Кар. БЕЛТА/. Пінск - гэта фактычна Беларусь у мініяцюры, гістарычны прыклад адзінства нашай нацыі. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой на канцэрце "Час выбраў нас" на "Марафоне адзінства" ў Пінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дазвольце перадаць самыя лепшыя, самыя цёплыя пажаданні ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. "Марафон адзінства" праходзіць у адным з самых вядомых гарадоў Беларусі - Пінску, сталіцы беларускага Палесся", - сказаў Дзмітрый Крутой.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што Пінск - гэта горад з больш як 900-гадовай гісторыяй. "Гэта горад, дзе стагоддзямі ўсе канфесіі, усе рэлігіі жылі мірна. У горадзе шмат цэркваў, касцёлаў, сінагог. Гэта фактычна Беларусь у мініяцюры, гістарычны прыклад адзінства нашай нацыі. У горадзе захавалася вялізная колькасць помнікаў даўніны, архітэктуры, нашай духоўнай спадчыны. Напрыклад, Пінск займае другое месца ў рэспубліцы па колькасці гэтых помнікаў, уступае толькі Гродну", - падкрэсліў ён.
Дзмітрый Крутой звярнуў увагу і на вялікую колькасць знакамітых ураджэнцаў Пінска. "Я як студэнт інжынерна-эканамічнага факультэта памятаю такога чалавека, як Сайман Кузнец. Гэта лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы. Часта гэту прэмію даюць за незразумелыя зусім заслугі, але гэты чалавек пакінуў сапраўды вельмі сур'ёзны след у эканоміцы. Але Сайман Кузнец стаў Сайманам у Амерыцы. У Пінску ён быў Сямёнам, і тата ў яго быў са Століна", - дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.-0-