Сцяг Чацвер, 5 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 сакавіка 2020, 16:26

Колькасць стацыянарных летніх лагераў у 2020 годзе павялічыцца - Балбатоўскі

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гэтым летам у Беларусі ўпершыню за шмат гадоў колькасць аздараўленчых лагераў, якія адчыняць свае дзверы школьнікам, павялічыцца. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Ён адзначыў усё большую цікавасць да летняй аздараўленчай кампаніі з боку саміх дзяцей і бацькоў. "Хутка мы пачнём падрыхтоўку і прыёмку стацыянарных аздараўленчых лагераў. Адзначу, што ў 2020 годзе мы павялічваем колькасць стацыянарных загарадных лагераў да 146. Гэта першы год, калі мы павялічваем іх колькасць у перыяд летняй кампаніі. Яшчэ нядаўна закрывалі па 20-25 лагераў штогод. Цяпер жа два лагеры адкрыюцца пасля рэканструкцыі, яшчэ два - на базе закрытых школ. Яны ў добрым стане, у экалагічна чыстай мясцовасці", - расказаў Генадзь Балбатоўскі.

Увогуле летам (у пяць змен) будуць працаваць больш за 6,2 тыс. лагераў. "Будзем павялічваць долю кругласутачных лагераў, - дадаў кіраўнік рэспубліканскага цэнтра. - Па аб'ёмах аздараўлення таксама стаяць амбіцыйныя задачы. Плануем павялічыць у параўнанні з мінулым годам - 394 тыс. дзяцей. Такім чынам, колькасць павялічваецца на 2 тыс. З бюджэту і фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання сродкі выдзелены ў поўным аб'ёме. Плануем выкарыстаць больш за Br50 млн - на само аздараўленне, патанненне пуцёвак, а таксама падрыхтоўку базы стацыянарных лагераў".

Па выніках 2019 года ён адзначыў станоўчы момант: на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных лагераў з розных крыніц было выдзелена Br18 млн, а ў 2018 годзе - Br11 млн.

Як і ў папярэднія гады, доля патаннення ў агульным кошце пуцёвак у лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей тэрмінам на 18 і больш дзён перавысіць 40 працэнтаў, а ў лагеры з дзённым знаходжаннем і ў 9-дзённыя складзе каля 80 працэнтаў.

"Датацыі будуць павялічаны на 5 працэнтаў па ўсіх тыпах лагераў. У лагер з кругласутачным знаходжаннем памер датацыі складзе каля Br206, у мінулым годзе было Br196. І павялічыцца датацыя ў дзённыя лагеры ўсіх тыпаў - у межах 5 працэнтаў. З улікам таго, што мы не прагназуем значны рост цэн на гэты від паслуг, іх даступнасць для бацькоў, на мой погляд, забяспечана не горш, чым на ўзроўні мінулага года", - падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

Не ўсе прадпрыемствы маюць свае лагеры, таму задача прадпрыемства, дзе працуюць бацькі, заключыць дагавор з лагерам. "Камісія ў арганізацыі збірае заявы і фарміруе заяўку. Заключаецца дагавор - і дзеці накіроўваюцца на аздараўленне. Калі ёсць праблемы, то гэту работу каардынуюць спецыялісты рэспубліканскага цэнтра. Яны ёсць у кожным раёне краіны. Да іх я раіў бы звяртацца камісіям прадпрыемстваў", - растлумачыў парадак Генадзь Балбатоўскі. І параіў бацькам ужо цяпер пачынаць падаваць заяўкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі