Сцяг Субота, 14 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 верасня 2024, 14:44

У Мінску развіталіся з легендарным барцом Аляксандрам Мядзведзем

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску развіталіся з легендарным барцом, лепшым спартсменам Беларусі ХХ стагоддзя Аляксандрам Мядзведзем. Жалобная цырымонія праходзіла ў сталічным Палацы спорту, дзе доўгія гады праводзіцца турнір на прызы Аляксандра Мядзведзя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Развітацца з вялікім спартсменам прыйшлі прадстаўнікі розных відаў спорту, яго сябры і шматлікія аматары спорту. Аляксандр Мядзведзь памёр 2 верасня, роўна за два тыдні да свайго 87-годдзя.

"Аляксандр Мядзведзь быў для нас старшым калегам, настаўнікам, ён стаў першым у гісторыі трохразовым алімпійскім чэмпіёнам па барацьбе, які паказаў усім, чаго можна дабіцца сваёй працай. Цяпер ужо ёсць і пяціразовы чэмпіён Алімпіяд у барацьбе, але ён назаўсёды застанецца першым трохразовым, па яго слядах пайшлі яго больш маладыя калегі. Аляксандр Васільевіч пражыў доўгае, яркае жыццё, прысвяціўшы яго барацьбе. Ён заўсёды заставаўся верным свайму любімаму віду спорту, якія б пасады ні займаў, ён застанецца прыкладам і для нас", - сказаў трохразовы алімпійскі чэмпіён па грэка-рымскай барацьбе расіянін Аляксандр Карэлін, які прыехаў у Мінск развітацца з вялікім Аляксандрам Мядзведзем.

"Упэўнены, што так лічаць многія: Аляксандр Васільевіч быў і застаецца сімвалам беларускага спорту. Шматлікія сустрэчы з ім, размовы пакінулі самую добрую памяць не толькі аб легендарным, вялікім спартсмене, але і аб глыбока прыстойным, неверагодна пазітыўным, шчырым чалавеку. У гэтыя журботныя дні яго непаўторная ўсмешка пастаянна стаіць перад вачамі", - сказаў вядомы спартыўны тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі.

Свой першы залаты алімпійскі медаль Аляксандр Мядзведзь заваяваў у 1964 годзе ў Токіа, затым былі перамогі на Алімпіядах у Мехіка-1968 і Мюнхене-1972. За доўгія гады спартыўнай кар'еры Аляксандр Мядзведзь стаў сяміразовым чэмпіёнам свету, трохразовым чэмпіёнам Еўропы і дзевяціразовым чэмпіёнам Савецкага Саюза па вольнай барацьбе. За выдатныя дасягненні ён быў удастоены звання заслужанага майстра спорту СССР, у 2001 быў прызнаны лепшым спартсменам Беларусі мінулага стагоддзя, а ў 2005 - лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя ў свеце.

Пасля завяршэння выступленняў Аляксандр Васільевіч перайшоў на трэнерскую работу, стаў заслужаным трэнерам СССР і БССР, быў віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, узначальваў зборную Беларусі па вольнай барацьбе, узначальваў Беларускую федэрацыю барацьбы. Аляксандр Мядзведзь узнагароджаны ордэнам Пашаны, ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі "Знак пашаны", сярэбраным Алімпійскім ордэнам, прызам ЮНЕСКА "За высакароднасць у спорце". Аляксандр Мядзведзь з'яўляўся ганаровым грамадзянінам Мінска, Махачкалы і Хасавюрта.-0-
Фота Паўла Арлоўскага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі