20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларусаў, якія вярнуліся з Кітая, прыкмет каранавіруса не выяўлена, заявіў сёння журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усе нашы 15 грамадзян, якія знаходзіліся ва Ухані (правінцыя Хубэй), паспяхова вярнуліся на радзіму. На шчасце, ні ў каго не выяўлена прыкмет каранавіруснай інфекцыі, - сказаў Уладзімір Каранік. - Карыстаючыся выпадкам, Міністэрства аховы здароўя выказвае самую шчырую і глыбокую ўдзячнасць усім ведамствам, з якімі мы цесна ўзаемадзейнічалі ў гэтым пытанні. Гэта ў першую чаргу датычыцца пасольства Беларусі ў Кітаі, урадаў Расіі і Казахстана, якія арганізавалі эвакуацыю нашых грамадзян, міністэрстваў аховы здароўя гэтых краін, якія забяспечылі ў поўнай меры правядзенне каранцінных мерапрыемстваў".
Міністр адзначыў, што ў аднаго з беларусаў, які знаходзіўся ў Расіі, былі медыцынскія праблемы, абсалютна не звязаныя з каранавіруснай інфекцыяй. Ён атрымаў своечасовую дыягнастычную і лячэбную дапамогу. "Гэта сітуацыя паказала высокі ўзровень узаемадзеяння, які ёсць паміж нашымі ведамствамі. Мы фактычна ў рэжыме рэальнага часу звязваліся з міністэрствамі аховы здароўя Казахстана і Расіі. Я практычна штодзень атрымліваў паведамленні аб стане здароўя нашых грамадзян ад сваіх калег. Цесны кантакт быў з прадстаўнікамі нашых пасольстваў у Кітаі, Расіі і Казахстане, тут мы таксама аператыўна вырашалі ўсе існуючыя пытанні", - падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Як паведамлялася, улады Кітая 31 снежня 2019 года інфармавалі СААЗ аб успышцы невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. Кітайскія медыкі 7 студзеня ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы - каранавірус 2019-nCoV. Лабараторнае тэсціраванне праведзена ва ўсіх выпадках з падазрэннем на новую пнеўманію. СААЗ прызнала хваробу ў Кітаі надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя прысвоіла новаму каранавірусу афіцыйную назву - COVID-19. Устаноўлена, што 168 лабараторый па ўсім свеце аснашчаны тэхналогіямі, якія дазваляюць выявіць каранавірус. Шэсць лабараторый - у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах і Расіі - будуць аказваць падтрымку ў дыягностыцы.
Выпадкі заражэння інфекцыяй, выкліканай каранавірусам COVID-19, у Беларусі не зарэгістраваны. Разам з тым з 30 студзеня пераведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці работа ўсёй санітарна-эпідэміялагічнай службы, хуткай медыцынскай дапамогі, амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацый аховы здароўя. Арганізацыі аховы здароўя краіны гатовы да прыёму пацыентаў з падазрэннем на захворванне і правядзення медыцынскага нагляду за кантактнымі асобамі.
У дыягнастычнай лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі забяспечана кругласутачнае дзяжурства для правядзення даследаванняў і тэстаў.-0-