Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 снежня 2021, 17:03

Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага парламента Лёзненскага раёна

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага парламента пры Лёзненскім раённым Савеце дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я рада, што вы сёння тут у Савеце Рэспублікі. Нам цікава сустракацца з людзьмі, чуць пытанні, якія іх хвалююць, каб потым, працуючы над законапраектамі, усё гэта рэалізоўваць на практыцы. Зусім нядаўна па распараджэнні Прэзідэнта ў Савеце Рэспублікі створаны экспертны савет, дзе мы адпрацоўваем усе нарматыўныя акты, якія паступаюць на стол кіраўніку дзяржавы. На сённяшні дзень у краіне дзейнічае больш за 3 тыс. законаў. Яны прымаліся ў розны час і таму заканамерна, што работа па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў ідзе пастаянна. Працуючы над законапраектамі, мы павінны разумець іх актуальнасць і своечасовасць", - сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, што апошнім часам краіна сутыкнулася з новымі выклікамі. "Мы сутыкнуліся з праблемай скажэння праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Калі ўзнікла неабходнасць распрацоўваць закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, мы ўключыліся ў гэту работу вельмі актыўна. Унесены змяненні ў адміністрацыйны, крымінальны кодэксы, у закон аб процідзеянні экстрэмізму. Гэта таксама вельмі правільна, таму што сітуацыя, якая складваецца на міжнароднай арэне, вакол нашай краіны, даволі напружаная. Ідзе геапалітычны падзел свету. Хлусня і фэйкі запаланілі ўсё вакол. Заходнія краіны, якія стварылі міграцыйны крызіс, спрабуюць у гэтым абвінаваціць нас. Гэта значыць, усе тыя пытанні, якія даводзіцца вырашаць на ўзроўні законапраектаў, ідуць ад жыцця", - падкрэсліла яна.

Наталля Качанава нагадала, што пры Савеце Рэспублікі створаны Маладзёжны парламент. "Лічу, што там ад кожнага раёна павінен быць прадстаўнік. Наогул, работа з моладдзю, падтрымка маладзёжных ініцыятыў - адзін з важных напрамкаў дзейнасці Савета Рэспублікі. Бо заўтра менавіта моладзь прыйдзе нам на змену і будзе кіраваць краінай. Усюды павінна быць ініцыятыва, цікавасць да работы. Абыякавасць і фармалізм людзі заўсёды адчуваюць. Вельмі важна чуць людзей, умець своечасова рэагаваць на іх просьбы. Важна разумець, якія праблемы хвалююць жыхароў таго ці іншага раёна", - канстатавала старшыня Савета Рэспублікі.

Член Маладзёжнага парламента пры Лёзненскім раённым Савеце дэпутатаў, навучэнец 11-га класа сярэдняй школы нумар 1 Лёзна Кірыл Гайкоў упершыню пабываў у Савеце Рэспублікі. "Гэта вельмі цікавы, а галоўнае, каштоўны вопыт, калі мы ўжывую можам убачыць, як у краіне прымаюцца законы. Цяпер моладзь чуюць, і галоўнае, што ў нашага пакалення шмат ідэй і ініцыятыў. Як грамадзяніну, мне хочацца, каб Беларусь развівалася далей, заставалася суверэннай і незалежнай, - сказаў ён. - Я збіраюся атрымліваць вышэйшую адукацыю ў галіне энергетыкі. Такія спецыялісты запатрабаваны ў нас пасля ўвядзення БелАЭС. Беларусь - наша Радзіма, і наша задача - зрабіць усё, каб жыццё людзей станавілася лепшым".

Данііл Каркошкін, навучэнец 11-га класа Лёзненскай СШ нумар 1, падзяліўся, што наведванне Савета Рэспублікі для яго вялікі вопыт. "Моладзь нашага раёна вельмі актыўная. У нас было не адно пасяджэнне парламента, на якім мы неаднаразова абмяркоўвалі, што можна зрабіць для нашага пасёлка, як яго палепшыць. Мы будзем рабіць усё для таго, каб не толькі наш пасёлак, але і ўся Беларусь працвітала і далей", - адзначыў малады чалавек.

Як удакладніла старшыня Маладзёжнага парламента пры Лёзненскім раённым Савеце дэпутатаў Дар'я Шараева, у скарбонцы маладых дэпутатаў раёна нямала праектаў. "Мы рэалізуем праекты, звязаныя з сацыяльнай сферай, валанцёрскай дзейнасцю, аказваем дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы. Акрамя таго, удзельнічаем у азеляненні краіны - акцыях "Чысты бераг" і "Чысты лес", ствараем маладзёжную алею і парк выпускнікоў, - растлумачыла яна. - Разам з навучэнскай і працоўнай моладдзю высаджваем кусты, потым іх даглядаем. Зусім нядаўна мы выйгралі рэспубліканскі конкурс маладзёжных ініцыятыў з праектам "Творчасць без меж" для падтрымкі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, каб яны былі сацыялізаваны і задзейнічаны ў творчым асяроддзі. Прыемна, што моладзь чуюць і падтрымліваюць у рэалізацыі ініцыятыў".

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама, член Маладзёжнага парламента Вольга Магучая дадала, што размова з Наталляй Качанавай атрымалася жывой і цікавай. "На ўсе пытанні мы атрымалі адказ. Абмяркоўвалі шмат розных тэм: узаемадзеянне мясцовых органаў кіравання, міжнароднае супрацоўніцтва, адукацыю, медыцыну, маладзёжную палітыку. Уражанняў вельмі шмат, і па дарозе дадому, мы, вядома, падзелімся адзін з адным. Маладзёжны парламент у нас у раёне дзейнічае паспяхова, таму што ўсе ініцыятывы ўвасабляюцца ў праектнай дзейнасці", - падкрэсліла яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі