Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 верасня 2021, 16:55

Качанава: мы павінны зрабіць усё, каб такая адзіная краіна і адзіны народ былі заўсёды

15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстаўка "17 верасня - Дзень народнага адзінства" ў рамках рэспубліканскага музейнага праекта, прысвечанага Дню народнага адзінства. Удзел у мерапрыемстве прыняла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я вельмі рада вітаць усіх на гэтай цудоўнай выстаўцы, якая прысвечана ўз'яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі. Бо менавіта тады, у верасні 1939 года, наша краіна набыла тэрытарыяльную цэласнасць і наш народ быў аб'яднаны. Таму, вядома, гэта знакавая падзея ў жыцці нашай краіны і вельмі сімвалічна, што гэта выстаўка праходзіць напярэдадні свята, якое мы будзем адзначаць упершыню, - Дня народнага адзінства. І як правільна ўчора сказаў Прэзідэнт на ўручэнні дзяржаўных узнагарод: калі б не было таго дня, не было б сёння нашай краіны. І пацвярджэнне таго - тыя гістарычныя дакументы, якія прадстаўлены на гэтай выстаўцы", - сказала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, вельмі важна, што такія выстаўкі сёння разгорнуты па ўсёй краіне, ва ўсіх абласных цэнтрах. Як і тое, што гэта экспазіцыя будзе пастаянна дзеючай на працягу года - Года народнага адзінства. "Мы павінны ведаць гісторыю сваёй краіны, бо без гісторыі, без мінулага няма будучага. І мы павінны ведаць самае галоўнае - гістарычную праўду. Вось што важна. І мы павінны аб гэтым гаварыць. Мы павінны памятаць свае карані, сваю гісторыю. Мы павінны зрабіць усё, каб такая адзіная краіна і адзіны народ былі заўсёды. Каб у такой цудоўнай краіне, у якой жывём сёння мы, жылі тыя пакаленні, якія ідуць за намі, - адзначыла спікер. - Мы прадоўжым нашу работу за круглым сталом. Мы абмяркуем сёння гэтыя пытанні, якія вельмі важны для нашай краіны. Асабліва сёння, калі мы зведваем націск на нашу краіну. Мы павінны зрабіць усё, каб тыя традыцыі, якія былі закладзены нашымі папярэднікамі, старэйшымі пакаленнямі, якія абаранілі калісьці свабоду і незалежнасць нашай краіны, былі прадоўжаны з гонарам і годнасцю".

У адпаведнасці з указам Прэзідэнта ад 7 чэрвеня 2021 года нумар 206 у Беларусі заснавана дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, які супраць яго волі быў раздзелены ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.

Нацыянальным гістарычным музеем і абласнымі музеямі падрыхтаваны рэспубліканскі музейны праект, прысвечаны Дню народнага адзінства. Экспазіцыі гістарычнага і абласных музеяў прадстаўлены ў час цырымоніі адкрыцця з дапамогай тэлемоста, арганізаванага пры садзейнічанні Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

Матэрыялы выстаўкі "17 верасня - Дзень народнага адзінства", якая экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, асвятляюць пытанні вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі, дзейнасць Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Беларускай сялянска-рабочай грамады, Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Члены гэтых арганізацый, якія актыўна выступаюць за аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, праследаваліся і арыштоўваліся, аб чым сведчаць шматлікія дакументы і фатаграфіі. У асобнай вітрыне прадстаўлены комплекс выдатнага палітычнага дзеяча Заходняй Беларусі Сяргея Прытыцкага. На выстаўцы экспануецца адзіны легальны друкаваны орган Беларускай сялянска-рабочай грамады "Маланка", а таксама шматлікія плакаты, транспаранты, лістоўкі, якія расказваюць аб палітычнай сітуацыі таго часу ў Заходняй Беларусі.

Шэраг матэрыялаў прысвечаны побыту беларускіх сялян, Таварыству беларускай школы, культуры і адукацыі. Прадстаўлены школьныя падручнікі, сшыткі, фотаздымкі, дакументы, якія сведчаць аб тым, што да 1939 года ў Заходняй Беларусі не было ні адной беларускай школы.

Своеасаблівым акцэнтам экспазіцыі з'яўляецца маляўнічае палатно, створанае беларускімі мастакамі Ісаакам Давідовічам і Яўгенам Ціхановічам. На ім адлюстравана важная падзея ў гісторыі Беларусі - пасяджэнне Народнага сходу ў Беластоку, якое заканадаўча замацавала ўваходжанне Заходняй Беларусі ў БССР.

Разам з матэрыяламі са збору Нацыянальнага гістарычнага музея на выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У выстаўцы таксама прымаюць удзел Музей гісторыі горада Мінска, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў і іншыя. Акрамя таго, у музеі арганізаваны круглы стол "Дзень народнага адзінства як сімвал кансалідацыі беларускага народа".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі