Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 красавіка 2021, 11:09

Качанава: Беларусь - цудоўная краіна, трэба разумець, што ўсё залежыць толькі ад нас

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь - цудоўная краіна, але яе далейшае развіццё і будучыня ў канчатковым выніку залежыць ад кожнага чалавека. Аб гэтым старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава заявіла ў інтэрв'ю на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

У ходзе паўгадзіннай размовы Наталля Качанава расказала аб законапраектах, якія разглядаюцца на вясенняй парламенцкай сесіі, падзялілася падыходамі ў рабоце з моладдзю, сваім бачаннем таго, хто і як павінен працаваць на дзяржаўнай службе. Значная частка размовы была прысвечана пытанням работы з людзьмі, чаму спікер Савета Рэспублікі ўдзяляе прыярытэтную ўвагу. Яна таксама адказала на пытанні адносна сітуацыі ў краіне, замежнага санкцыйнага націску на Беларусь.

Аб вясенняй парламенцкай сесіі

Наталлю Качанаву запыталі, якія законапраекты разглядаюцца на сесіі і па якіх з іх ідуць самыя гарачыя спрэчкі. "На гэтай сесіі прадугледжваецца разгляд вялікай колькасці законапраектаў. На сённяшні дзень 34 законапраекты ў партфелі парламентарыяў", - адказала яна.

Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, работы хоць і шмат, як і розных юрыдычных тонкасцей, з якімі даводзіцца сутыкацца ў заканатворчай дзейнасці, але гэта работа цікавая і жывая. "Таму што гэта - наша жыццё. А дзяржава наша прававая. У Канстытуцыі ў першым артыкуле напісана, што Беларусь - прававая дзяржава. Таму жывём па законах. Але законы павінны ісці ад жыцця. Так гаворыць наш Прэзідэнт, і мы стараемся рабіць усё, каб яны былі актуальныя", - сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, што нельга сказаць, што ўсе законы прымаюцца безагаворачна. Хоць у Савет Рэспублікі як верхнюю палату парламента паступаюць законапраекты, якія раней ужо былі прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, сенатары далучаюцца да работы і на больш ранніх стадыях - на пасяджэннях камісій, вядуць дыскусіі з экспертамі, зацікаўленымі людзьмі.

"Вельмі шмат выязджаем у рэгіёны, сустракаемся з людзьмі для таго, каб адчуць, як гэты законапраект будзе працаваць у жыцці. Таму дэбаты ёсць, і спрэчкі ёсць. Цяпер вельмі шмат новых законапраектаў - аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму, абароне персанальных даных. Аб дзяржаўнай службе будзе практычна новы законапраект. Таму спрэчак хапае. Але разам з тым мы знаходзім заўсёды агульную мову для таго, каб прыняць правільнае рашэнне і каб законапраект быў жыццяздольным", - запэўніла Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі згадала і аб законапраектах, якія звязаны з работай СМІ: "Яны ў нас дзейнічаюць, працуюць, але мы бачым, што трэба больш актуальныя ўносіць праўкі".

Аб просьбах у рэгіёнах

Наталля Качанава расказала, што ў час яе сустрэч з людзьмі ў рэгіёнах насельніцтва ў большай ступені хвалююць пытанні, звязаныя з трыадзінай задачай, пастаўленай у свой час Прэзідэнтам, - занятасць, заработная плата, цэны. "Гэта тое, што сёння для людзей найбольш актуальна. І, зразумела, тыя пытанні, якія ўзнікаюць у кожнага ў жыцці асабіста. Пытанні, якія датычацца аховы здароўя, адукацыі, зямельныя пытанні вельмі няпростыя заўсёды", - сказала яна.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што, сустракаючыся з такой вялікай колькасцю людзей, яна не сустрэла яшчэ ніводнага пытання, якое датычылася б, напрыклад, партыйнага ўладкавання ў Беларусі. "Хоць ёсць людзі, якім гэта цікава", - канстатавала Наталля Качанава.

Яна ўпэўнена, што справа не толькі ў тым, каб прымаліся правільныя законы і рашэнні, але справа яшчэ і ў саміх людзях, іх стаўленні да сваёй работы: "Якія б сёння мы ні прымалі добрыя законы, выдатныя законапраекты, усё ў нас - тое, як яны рэалізуюцца на месцах, як іх выконвае кожны з нас - кіраўнік, начальнік змены, цэха, кіраўнік мясцовага савета дэпутатаў, выканкама... Таму ўсё ў нас. Трэба проста шчыра і сумленна ставіцца да той справы, якой займаешся, і тады будзе вынік".

Аб няпростым перыядзе і народным яднанні

Наталля Качанава адзначыла, што і ў няпросты паслявыбарны перыяд летам-восенню мінулага года ёй вельмі моцна дапамагалі сустрэчы з людзьмі ў рэгіёнах.

"Для мяне гэта было, я не скажу, што зусім нечаканасцю, але перадумоў для таго, каб гэта адбывалася ў нашай краіне, я не адчувала. Гэта абсалютна шчыра. Работа ёсць, зарплата выплачваецца людзям, сацыяльныя гарантыі ёсць. Дзяржава ж ні на крок не адступіла ад тых сацыяльных гарантый, якія ўзяла на сябе. Нават у няпростым 2020 годзе, калі была пандэмія і эканоміка многіх краін прасела, усе сацыяльныя гарантыі наша дзяржава выконвала. І сёння выконвае", - заявіла старшыня Савета Рэспублікі.

Яна адзначыла, што ў час наведвання МЗКЦ у Мінску гаварыла людзям аб тым, што ёй сорамна за тое, што там адбывалася: "Я менавіта гэта сказала людзям тады, калі мы былі на прадпрыемстве. Я адышла ўбок, і там была вялікая колькасць людзей, і я гавару: вы ведаеце, я сама з сям'і рабочых, і мне сорамна за тое, што адбываецца цяпер тут (маюцца на ўвазе масавыя хваляванні, заклікі да забастоўкі. - Заўвага БЕЛТА)".

"Мы павінны любіць сваю краіну і ганарыцца тым, што маем. Нам ёсць чым ганарыцца. У нас цудоўная краіна. Мы павінны ўсвядоміць гэта і разумець, што ўсё залежыць толькі ад нас", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна расказала, што і ў давыбарны перыяд шмат сустракалася з людзьмі, у тым ліку з розным стаўленнем да дзеючай улады, аднак нават ад апанентаў не чула нейкіх вельмі жорсткіх патрабаванняў. "Тое, што адбылося пасля падзей жніўня 2020 года... Законапаслухмяныя людзі, якія прывыклі жыць і спакойна працаваць на карысць сваёй краіны, яны былі шакіраваны. І гэта большасць нашых людзей. Яны выразна ўсвядомілі, што можна страціць. Страціць мір, спакой, работу, зарплату і ўсё астатняе. Таму людзі, зразумела, аб'ядналіся і з'ядналіся", - сказала старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава падкрэсліла важнасць таго, каб жыць сваім розумам, і параўнала сітуацыю ў краіне з узаемаадносінамі ў сям'і: "Не бывае ўсё гладка і добра. Заўсёды бываюць нейкія праблемы, пытанні, якія трэба вырашаць. Але калі гэта моцная сям'я, у яе ёсць свае асновы, карані, яна заўсёды ўсё перажыве, і людзі будуць разам. Гэтак жа і ў краіне".

Адказваючы на пытанне, чаго яна хацела б пажадаць людзям, спікер назвала мір і спакой. "Усё можна пераадолець і вырашыць. У нас тая краіна, дзе ўлады заўсёды гатовы сустракацца і размаўляць з людзьмі", - заявіла Наталля Качанава.

Яна ўпэўнена, што ўладу не трэба аддзяляць ад народа: "Мы такі ж народ, як і ўсе. І мы з гэтага народа. Мы будзем рабіць усё для таго, каб народ у нашай краіне жыў добра".

Аб рабоце з заходнімі парламентарыямі і правакацыйных пытаннях

Наталля Качанава расказала, што беларускія парламентарыі не раз звярталіся да сваіх калег на Захадзе, у прыватнасці, з краін Еўрасаюза. "Мы прасілі, каб яны пачулі нас: паслухайце ад нас інфармацыю з першых вуснаў аб тым, што адбываецца ў нашай краіне. Ёсць, зразумела, зрухі ў гэтым пытанні, - сказала яна. - Мы будзем рабіць усё для таго, каб канструктыўна супрацоўнічаць з тымі, хто будзе ісці нам насустрач. Думаю, што нас пачуюць і чуюць ужо сёння. Толькі ці хочуць успрымаць так, як хочам мы гэтага? А мы хочам толькі праўды аб нашай краіне".

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што часта ў жыцці тыя ці іншыя дзеянні вяртаюцца, як бумеранг. Пры гэтым, калі такія падзеі адбываюцца ў краінах, якія крытыкуюць Беларусь, іх ацэнкі ўласнай сітуацыі зусім іншыя: "Цяпер мы ўбачылі, якая рэакцыя ў нашых калег, у кіраўніцтва краін, дзе адбываюцца такія падзеі. Там яны дзейнічаюць абсалютна жорстка, і асабліва не крытыкуюць свае дзеянні, і санкцыі не ўводзяць. Трэба заўсёды ацэньваць і аналізаваць перш за ўсё тое, што ты робіш. А недзе за мяжой сядзець і гаварыць аб тым, што адбываецца тут... Прыязджайце, паглядзіце, пераканайцеся, і тады давайце ацэнку таго, што адбываецца".

Старшыня Савета Рэспублікі таксама расказала, што заўсёды адкрыта для дыялогу з людзьмі, у тым ліку з тымі, хто ў час сустрэч задае правакацыйныя пытанні адносна тых ці іншых падзей: "Я гавару: добра, калі ласка, дайце факты. Мы адкрыты. Дайце канкрэтны факт мне асабіста, я яго нікуды не вынесу, нідзе не буду карыстацца гэтай інфармацыяй, але я разбяруся. Вось калі такія правакацыйныя пытанні (агучваюцца. - Заўвага БЕЛТА), мне ніводны чалавек не даў свае каардынаты і не пакінуў свайго тэлефона".

Наталля Качанава лічыць, што гэта часам робіцца толькі для таго, каб заваяваць нейкую папулярнасць з дапамогай брыдкай і непраўдзівай інфармацыі, якую ўкідваюць у інтэрнэт. "Або проста хочуць яе падаць аўдыторыі, каб паказаць сябе хоць бы такім чынам", - лічыць старшыня Савета Рэспублікі.

Аб сацсетках

У пытанні журналіста была адзначана актыўная работа Савета Рэспублікі ў сацыяльных сетках і створаны нядаўна ўласны Telegram-канал. "Мы павінны ісці за павевамі часу. Калі людзям цікавы Telegram-каналы і яны чэрпаюць адтуль інфармацыю, мы гатовы даць гэту інфармацыю. І стварылі свой канал", - расказала Наталля Качанава.

Яна падкрэсліла, што вельмі ўважліва ставіцца да СМІ, і ёй на розных высокіх пасадах па абавязку службы даводзілася займацца гэтым пытаннем. Старшыня Савета Рэспублікі ўпэўнена, што менавіта ад СМІ шмат у чым залежыць тое, як людзі ўспрымаюць работу чыноўнікаў, наколькі грамадзяне праінфармаваны наконт тых ці іншых пытанняў. "Я добра разумею і ведаю: тое, што робім мы, ведае не вельмі шмат людзей, а тое, як успрымаюць тваю работу, ідзе праз СМІ. Таму, вядома, да работы СМІ заўсёды пільная ўвага", - адзначыла спікер.

Разам з тым яна прызналася, што сама асабіста не вельмі любіць сацыяльныя сеткі, але разумее, што неабходна прытрымлівацца патрабаванняў часу для таго, каб людзі ведалі аб рабоце, якая праводзіцца.

Аб моладзі

Адказваючы на пытанне, што трывожыць моладзь, па якіх тэмах складаней за ўсё нешта растлумачыць студэнтам і школьнікам, Наталля Качанава сказала: "Наогул нескладана тлумачыць, таму што маладзёжная палітыка - гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай дзяржаўнай палітыкі. Работа з моладдзю заўсёды асноватворная. Паколькі за моладдзю нават не наша будучыня, а нашай краіны. Таму гэта вельмі важна".

Паводле слоў спікера, юнакоў і дзяўчат хвалюе абсалютна ўсё. "Я нават здзіўлена, таму што ў іх пытанні часам больш мудрыя, чым у людзей старэйшага пакалення. Заўсёды атрымліваецца вельмі сумленная і адкрытая размова. Юнакі і дзяўчаты дзеляцца, што ім падабаюцца такія сустрэчы. А я для сябе атрымліваю дадатковы зарад энергіі. Важна, каб моладзь пачула і разумела, што краіна - гэта жывы арганізм. І тое, як мы будзем ставіцца да краіны, як мы будзем ставіцца да ўсяго таго, што адбываецца ў ёй, так будзе фарміравацца і меркаванне ў цэлым", - сказала Наталля Качанава.

Было таксама зададзена пытанне аб узаемадзеянні з маладзёжным парламентам. Старшыня Савета Рэспублікі спадзяецца, што юнакі і дзяўчаты, занятыя ў гэтым руху, сапраўды ў будучым вырастуць у добрых палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў. "Таму што яны ўжо гэтага хочуць. Я ўспамінаю сябе ў такія гады. Вядома, я аб гэтым не думала, ды і наогул мала ўяўляла сабе, чым займаюцца дзяржаўныя служачыя. А такія юнакі і дзяўчаты ўжо настроены на гэта. Яны бачаць, як праходзяць сесіі, пасяджэнні, як мы працуем. І ў іх ёсць жаданне. Гэта вельмі важна", - заявіла спікер.

Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што задача любога кіраўніка, які думае пра будучыню, - каб з ім побач былі маладыя людзі, здольныя ў далейшым прыйсці на змену.

Аб дзяржслужбе

"Чалавек, калі ідзе працаваць на дзяржслужбу, ён павінен дакладна разумець, што гэта сапраўды служба. Не проста работа, а служба, спосаб жыцця. Ты павінен быць абмежаваны ў многім, таму што ты - дзяржаўны служачы", - упэўнена Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, гэта ў тым ліку датычыцца паводзін дзяржслужачых, неабходнасці служыць узорам і быць абсалютна сумленнымі, не мець ніякіх прыработкаў на баку. "Гэта павінен разумець кожны. А самае галоўнае для таго, каб працаваць на дзяржаўнай службе, - трэба шчыра любіць людзей. Гэта праўда. Любіць людзей і тую справу, якой ты займаешся. Любіць сваю краіну. Гэта не высакамоўныя словы. Гэта шчыра. Калі ў цябе гэта ёсць, то, вядома, работа твая атрымаецца і будзе паспяховай", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава прызналася, што ў сваёй рабоце ніколі асабліва не думала аб сваім рэйтынгу. "Ёсць краіна і ёсць справа, якой ты займаешся. Мае падыходы ў рабоце заўсёды былі такія. Перш за ўсё - гэта работа з людзьмі. Аляксандр Рыгоравіч (Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. - Заўвага БЕЛТА) заўсёды гаворыць: дрэнна, цяжка - ідзі да людзей. І гэта праўда. Ты прыйшоў да людзей, пагаварыў, пачуў, ты ўбачыў рэальную сітуацыю, і становіцца прасцей і лягчэй", - сказала старшыня Савета Рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі