Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 чэрвеня 2021, 16:56

Інфраструктура і даступнасць інфармацыі - Петрышэнка назваў умовы развіцця ўнутранага турызму

10 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Для актывізацыі ўнутранага турызму неабходна больш актыўна інфармаваць людзей пра магчымасці адпачынку ў краіне і ўдасканальваць інфраструктуру. Аб гэтым сказаў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на рэспубліканскім семінары па развіцці турызму ў Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што для актывізацыі турызму, у тым ліку ўнутранага, разам з сістэмнымі рашэннямі на ўзроўні дзяржавы вельмі важны захады, якія прымаюцца на месцах. "Маладзёжнай аўдыторыі, напрыклад, неабходна даносіць інфармацыю праз сацсеткі, мэсэнджары, дадаткі. У Гродзенскай вобласці ёсць станоўчыя прыклады - створаны тэматычны мабільны дадатак", - звярнуў увагу Ігар Петрышэнка. Эфект, як падкрэслівалася ў час семінара, відавочны. Ёсць цікавасць у маладых людзей да тураб'ектаў краіны, і нават у санаторыях рэгіёна адзначаюць павелічэнне долі моладзі сярод адпачывальнікаў.

"Нараўне з інфармацыйным складнікам неабходна падцягваць пад патрэбы турыстаў інфраструктуру, прапанаваць ім камфортныя ўмовы размяшчэння, добрую кухню", - дадаў Ігар Петрышэнка. Ён падкрэсліў, што ў сферы паслуг добрыя магчымасці для развіцця адкрываюцца перш за ўсё для прыватнага бізнесу.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, у рэгіёнах усе напрамкі турызму - падзейнага, гастранамічнага, рэлігійнага, медыцынскага і прамысловага - павінны развівацца ў комплексе. У якасці прыкладу ён прывёў вопыт Гродзенскай вобласці па аб'яднанні намаганняў суседніх раёнаў у развіцці турыстычнага патэнцыялу. У такім турыстычным кластары гасцям прапануюць комплексны прадукт, які прадугледжвае наведванне тых ці іншых аб'ектаў на тэрыторыі адразу некалькіх раёнаў.

Ігар Петрышэнка таксама звярнуў увагу, што больш актыўна ў арганізацыі падарожжаў па краіне мог бы працаваць чыгуначны транспарт. Далёка не поўнасцю рэалізаваны і патэнцыял водных артэрый.

Віцэ-прэм'ер рэзюмаваў, што ў Беларусі ёсць што паказаць гасцям. Але для развіцця турызму вельмі важна ініцыятыўна працаваць па ўсіх напрамках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі