Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2021, 14:45

Індыйскі штам каранавіруса можа з'явіцца і ў рэгіёнах, процістаяць дапамогуць маскі - эксперт

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі праводзіцца скрынінг атрыманых з усіх рэгіёнаў краіны проб пацыентаў з пацверджаным COVID-19, у тым ліку для выяўлення новага, індыйскага штама. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам загадчыца лабараторыі дыягностыкі ВІЧ і спадарожных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Гасіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аналіз паслядоўнасцей віруса SARS-CoV-2 (выдзеленых у чэрвені з проб пацыентаў з пацверджаным COVID-19) паказаў, што ў Мінску 10 даследаваных узораў мелі набор мутацый у шыпападобным бялку, характэрных для індыйскага варыянта. Паводле слоў Алены Гасіч, гэта было чакана, асабліва з улікам таго, што гэты варыянт віруса распаўсюджваецца больш эфектыўна ў параўнанні з іншымі штамамі, якія цыркулявалі ў самым пачатку пандэміі. Выяўленне яго ў нас было пытаннем часу. "Праблем з дыягностыкай сёння няма", - сказала спецыяліст і падкрэсліла, што ёсць магчымасць выяўляць усе вядомыя штамы.

Індыйскі штам каранавіруса (іншая назва - "Дэльта") упершыню выявілі мінулай восенню. Як відаць з назвы, у Індыі ў пацыента ўпершыню быў выяўлены гэты штам. Паводле апошніх даных, ён пранік ужо ў 85 краін.

"Гэты штам больш заразны, ён перадаецца нават лепш, чым брытанскі варыянт. Напрыклад, 90 працэнтаў віруса, які цыркулюе сёння ў Вялікабрытаніі, гэта індыйскі штам. Аналагічныя даныя атрыманы і па Маскве, Санкт-Пецярбургу. Бачым, што значна павялічылася колькасць выяўленых новых выпадкаў у гэтых гарадах", - адзначыла ўрач.

Няма даных, што гэты варыянт выклікае больш сур'ёзнае захворванне. Але ён хутка распаўсюджваецца, таму, каб не расла колькасць хворых, усім грамадзянам трэба ўспомніць ужо шмат разоў агучаныя рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя: масачны рэжым, дыстанцыраванне, гігіена рук і іншыя. "Мы расслабіліся, стала горача, насіць маскі цяжка, многія наогул не хочуць гэтага рабіць", - са шкадаваннем канстатавала Алена Гасіч.

Аб гэтых правілах трэба памятаць і тым, хто прышчапіўся ўжо дзвюма дозамі вакцыны або перахварэў на COVID-19 і мае антыцелы. "Нягледзячы на тое, што ў іх ёсць даволі высокі ўзровень імунітэту, сёння апісаны выпадкі паўторнага захворвання такіх людзей індыйскім варыянтам віруса. Таму неабходнасць нашэння масак, дыстанцыравання для гэтых людзей застаецца ў сіле", - падкрэсліла спецыяліст.

Стварэнне папуляцыйнага імунітэту - яшчэ адзін важны момант у барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса. У Ізраілі, напрыклад, прыкладна 70-80 працэнтаў насельніцтва прышчэплена ўжо і за дзень выяўляецца не больш за 10 новых выпадкаў. Спецыялісты лічаць, што актыўная вакцынацыя дапаможа грамадзянам перанесці заражэнне ў тым ліку і індыйскім варыянтам каранавіруса больш спакойна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі