Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лютага 2020, 18:54

Хрэнін: патрыятызм беларускага народа - нацыянальны здабытак

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Патрыятызм беларускага народа - нацыянальны здабытак, заявіў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін перад урачыстым сходам і святочным канцэртам у Палацы Рэспублікі, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Патрыятызм беларускага народа - наш нацыянальны здабытак. У Беларусі няма ні адной сям'і, чыя гісторыя не была б звязана з абаронай Айчыны. Мы ганарымся ратнай працай воінаў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, якія ўнеслі значны ўклад у гарантаванне бяспекі дзяржавы, і подзвігам воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія першымі ў свеце кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму", - сказаў Віктар Хрэнін.

Выступаючы ў час урачыстага сходу, міністр адзначыў, што Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл - адно з самых шануемых у Беларусі свят. "У 75-годдзе Вялікай Перамогі ўсе мы аддаём даніну памяці і павагі найвышэйшаму подзвігу народаў СССР, нашага беларускага народа, якія ўнеслі вырашальны ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і выратаванне чалавецтва, - заявіў ён. - З асаблівым гонарам і павагай мы ставімся да тых, хто змагаўся з акупантамі ў складзе партызанскіх атрадаў і ў радах падпольнага руху. Беларускае супраціўленне фашызму не мае роўных у гісторыі чалавецтва".

Звяртаючыся да ветэранаў у зале, міністр падкрэсліў, што іх вопыт, мужнасць і патрыятызм з'яўляюцца правільнымі арыенцірамі для сучаснага і будучых пакаленняў абаронцаў Радзімы.

"Беларусь паслядоўна, праводзячы шматвектарную міралюбную знешнюю палітыку, па праву з'яўляецца донарам бяспекі, што прызнана сусветнай супольнасцю, - сказаў Віктар Хрэнін. - На жаль, сёння ў нашым рэгіёне відавочны вялікі палітычны і эканамічны заказ на эскалацыю напружанасці. Мае месца рост ваеннай небяспекі, у тым ліку для нашай краіны. У гэтых умовах Беларусь прымае меры для гарантавання сваёй ваеннай бяспекі. У рэспубліцы створаны Узброеныя Сілы, якія адказваюць выклікам новага стагоддзя. Створаны ўсе сістэмы, неабходныя для іх функцыянавання і выканання неабходных задач".

Міністр дадаў, што на беларускай зямлі надзейна забяспечаны мір і стабільнасць. "Так будзе і ў далейшым. Гэта выбар беларускага народа, гэта вынік сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, стварэння надзейнай сістэмы нацыянальнай, у тым ліку ваеннай, бяспекі", - рэзюмаваў ён.

Віктар Хрэнін пажадаў удзельнікам урачыстасці, іх родным і блізкім міру і дабра, бадзёрасці і аптымізму, новых поспехаў у воінскай службе і працы на карысць Беларусі.

Урачыстае мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі аб'яднала ваеннаслужачых, ветэранаў войнаў і Узброеных Сіл, прадстаўнікоў іншых сілавых структур і органаў дзяржаўнага кіравання.

Віншаванне Прэзідэнта да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі зачытаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі