22 сакавіка, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. Мы заўсёды будзем памятаць і будзем нагадваць злачынцам, што рабілася тут, у цэнтры Еўропы. Гэта памяць павінна стаць абярэгам нашага народа. Такой думкай пасля ўскладання вянкоў да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" у дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі падзяліўся міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першымі жывыя кветкі да Вечнага агню ўсклала дэлегацыя беларускага абароннага ведамства. "Для нас, для нашага народа вельмі важна, што мы на сваёй зямлі захоўваем такія памятныя месцы, ушаноўваем памяць загінулых. Бо чым далей мы адыходзім ад гэтых трагічных падзей, тым мацней павінна быць наша памяць. Мы павінны маладому пакаленню паказваць, якая трагедыя разгарнулася на нашай зямлі", - сказаў кіраўнік абароннага ведамства.
Віктар Хрэнін падкрэсліў, што асабліва важна памятаць пра ахвяру беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны цяпер, калі ідзе адкрытае перапісванне гісторыі. І перапісаць яе спрабуюць злачынцы, якія ўчынілі страшныя злачынствы. "Яны пераконваюць, што гэтага не было. Не, гэта было. І мы заўсёды будзем памятаць і будзем ім нагадваць, што гэта было, гэта рабілася тут, у цэнтры Еўропы. Гэта памяць павінна стаць абярэгам нашага народа", - дадаў міністр абароны.
У размове з журналістамі Віктар Хрэнін таксама расказаў аб змяненнях, унесеных у шэраг законаў, якія датычацца нацыянальнай бяспекі. "Яны перш за ўсё нацэлены на тое, каб умацаваць нацыянальную бяспеку. Мы зрабілі гэта, паглядзеўшы на трагічныя падзеі на поўдні. Мы перагледзелі сваё заканадаўства і ўбачылі, што яно патрабуе змяненняў, таму што мяняюцца выклікі і пагрозы. Мы павінны быць да гэтага гатовы", - адзначыў міністр.