21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беражлівае стаўленне да гістарычнай памяці стала часткай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Аб гэтым заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны.
Віктар Хрэнін павіншаваў ветэранаў, ваеннаслужачых і грамадзянскі персанал упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў з 30-гадовым юбілеем. "Усе гэтыя гады калектыў упраўлення забяспечвае выкананне адказных дзяржаўных задач, звязаных з захаваннем свяшчэннай для ўсіх нас памяці аб абаронцах Айчыны. Сведчаннем таго з'яўляюцца дасягнутыя вамі вынікі ў прафесійнай дзейнасці", - сказаў Віктар Хрэнін.
Міністр абароны адзначыў, што дзякуючы працы работнікаў упраўлення ўстаноўлены імёны дзясяткаў тысяч безыменных герояў і ўсё менш белых плям застаецца ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
"Беражлівае стаўленне да памяці аб загінулых у барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, ахвярах фашызму для нашага народа стала часткай нацыянальнай самасвядомасці", - заявіў міністр абароны.-0-