Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 снежня 2022, 20:19

Акуловіч прапанавала Інфармсавету СНД стварыць сумесны праект, прысвечаны захаванню памяці пра ВАВ

19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч на ХХVIII пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў Садружнасці Незалежных Дзяржаў прапанавала стварыць сумесны праект, прысвечаны захаванню памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Сёння ў анлайн-фармаце адбылося чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД. Кіраўнікі падзяліліся вопытам праведзенай за год работы, абмеркавалі самыя значныя выклікі часу, якія стаяць перад масмедыя постсавецкай прасторы, абмяняліся бачаннем далейшага супрацоўніцтва.

Ірына Акуловіч праінфармавала калег, што ў Год гістарычнай памяці, якім быў аб'яўлены ў Беларусі 2022-і, БЕЛТА рэалізавала шэраг значных і маштабных праектаў. Былі дасягнуты дамоўленасці з Генпракуратурай, якая займаецца расследаваннем крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, і Міністэрствам юстыцыі аб прадастаўленні эксклюзіўных архіўных даных і відэаматэрыялаў з новай інфармацыяй. На іх аснове ў сакавіку былі пачаты два вялікія цыклы матэрыялаў: з Генпракуратурай - "Апошнія сведкі", з Мінюстам - "Архівы. Нічога, акрамя праўды".

Ірына Акуловіч
Генеральны дарэктар ТАСС Сяргей Міхайлаў

Як расказала Ірына Акуловіч, праект "Апошнія сведкі" - гэта выключна ўспаміны: больш за год следчыя Генпракуратуры апытваюць па ўсёй Беларусі сведак масавага знішчэння беларусаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць расказы тых, каго гналі ў працоўнае рабства, тых, хто цудам уцалеў у час масавых пакаранняў смерцю, а таксама вязняў фашысцкіх канцлагераў. Усе іх паказанні запісваліся следчымі на відэа і затым перадаваліся ў распараджэнне журналістаў БЕЛТА. Апрацаваныя матэрыялы публікаваліся разваротамі ў газеце "7 дней" - выйшла каля 20 публікацый, яны таксама размешчаны на сайце belta.by. Цяпер, адзначыла гендырэктар БЕЛТА, дасягнуты дамоўленасці з Генпракуратурай аб выданні асобнай кнігі з аднайменнай назвай.

Дырэктар Інфармацыйнага агенцтва АРМЕНПРЭС Нарынэ Назаран

"Праект "Архівы. Нічога, акрамя праўды" - гэта ў асноўным архіўныя дакументы, - расказала гендырэктар БЕЛТА. - Спецыялісты Мінюста ўвесь гэты год працуюць у Нацыянальным архіве краіны, робяць запыты ў расійскія архівы, каб знайсці новыя невядомыя факты і сведчанні аб маштабах генацыду беларускага народа і зверствах акупантаў. Разам з прафесійнымі архівістамі, гісторыкамі і супрацоўнікамі Мінюста журналісты рыхтавалі матэрыялы аб дзейнасці на тэрыторыі акупіраванай Беларусі айнзацкаманд, бесчалавечных аперацыях па знішчэнні псіхічна хворых людзей у розных рэгіёнах краіны, вярбоўцы і рабоце дзіцячых школ Абвера. У артыкулах часцей за ўсё прыводзяцца новыя факты аб карных аперацыях і іх удзельніках". Гэты праект, як мяркуецца, таксама атрымае працяг у выглядзе асобнай кнігі з аднайменнай назвай.

Выканкам СНД

У Год гістарычнай памяці каманда БЕЛТА рэалізавала і яшчэ адзін праект - "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік". Сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі адабраны і пераведзены ў лічбавы фармат франтавыя трохкутнікі - пісьмы з перадавой дадому і з тылу на фронт. Пра аўтара кожнага пісьма (а гэта і баявыя генералы, і героі Савецкага Саюза, і простыя салдаты) быў падрыхтаваны падрабязны артыкул-гісторыя. Праект спачатку выйшаў на сайце belta.by, а затым быў надрукаваны. "Гэта выстава даўжынёй 24 пагонныя метры за год аб'ехала ўсе абласныя цэнтры краіны, стартаваўшы ў Брэсцкай крэпасці і завяршыўшы марафон у Музеі Вялікай Айчыннай вайны ў канцы года", - адзначыла Ірына Акуловіч.

Паводле яе слоў, рэалізацыя самых розных мерапрыемстваў у рамках Года гістарычнай памяці ў значнай ступені дапамагла вярнуць цікавасць грамадства да гісторыі сваёй краіны. Ірына Акуловіч звярнулася да ўдзельнікаў пасяджэння Інфармсавета з прапановай стварыць сумесны праект, прысвечаны захаванню памяці пра Вялікую Айчынную вайну і ўрокі Другой сусветнай.

Як пазней расказала журналістам гендырэктар БЕЛТА, улічваючы, што Вялікая Айчынная вайна аб'ядноўвае краіны СНД агульным болем, і было прапанавана стварыць гэты сумесны праект. "Як бачым, цяпер, калі заходнія палітыкі што б там ні было імкнуцца перапісаць гісторыю гэтай страшнай вайны, для нашых краін, краін СНД, справай гонару з'яўляецца захаваць памяць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. Думаю, такі праект будзе цікавы ўсім пакаленням - ён дасць магчымасць з'яднацца перад геапалітычнымі выклікамі і пагрозамі", - сказала Ірына Акуловіч. Яна таксама падкрэсліла, што пры стварэнні праекта важна звяртаць увагу на тыя фарматы, якія сёння запатрабаваны ў моладзі.

Дырэктар КНІА "Кабар" Медэрбек Шэрметаліеў

Інфармсавет СНД створаны ў 1995 годзе. У яго склад уваходзяць кіраўнікі дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Работа Інфармсавета накіравана на забеспячэнне супрацоўніцтва краін СНД у інфармацыйнай сферы і ўмацаванні медыяпартнёрства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі