Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 кастрычніка 2020, 15:00

Харытончык: за 100 гадоў БНТУ падрыхтаваў больш за 220 тыс. спецыялістаў для эканомікі Беларусі

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За 100 гадоў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт падрыхтаваў больш за 220 тыс. спецыялістаў для эканомікі Беларусі, паведаміў журналістам рэктар ВНУ Сяргей Харытончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За 100 гадоў наш універсітэт падрыхтаваў больш за 220 тыс. чалавек для эканомікі краіны. Думаю, многія пагодзяцца з такім меркаваннем, што сучасная Беларусь шмат у чым пабудавана розумам і працай выпускнікоў нашага ўніверсітэта. Мы бачым спраектаваныя будынкі, збудаванні, пабудаваныя заводы, аўтамабілі і трактары, якія сёння ездзяць па вуліцах і працуюць у полі. Не абмінаем увагай і падрыхтоўку спецыялістаў для замежных дзяржаў. Падрыхтавалі ўжо больш за 9 тыс. інжынерных кадраў больш як для 90 краін свету. У гэтым напрамку актыўна супрацоўнічаем з Расіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам", - расказаў Сяргей Харытончык.

Паводле яго слоў, інжынерная адукацыя - гэта ключавы элемент развіцця ўсіх краін, таму што гэта дае прагрэс развіццю любога грамадства. "І сёння грамадства імкнецца зрабіць усе лепшыя адкрыцці і вынаходствы на стыку класічных і фундаментальных дысцыплін. Інжынерная адукацыя і яе дапаўненне сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі - гэта ключ да поспеху і атрымання новага якаснага прадукту. Гэта аблягчае працу чалавека, камунікацыю. Мы бачым, як лічбавыя тэхналогіі ўплываюць на экалогію і іншыя сферы развіцця грамадства. Таму сёння тэматыка развіцця інжынернай адукацыі звышактуальна", - дадаў рэктар.

Сёння ў БНТУ адбылося адкрыццё IX Форуму ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства аб'яднала больш за 200 удзельнікаў больш як са 100 ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Кітая, Рэспублікі Карэя, Латвіі, Туркменістана, Узбекістана, Казахстана і Азербайджана.

IX Форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы - гэта чатыры секцыі - "Арктыка", "Развіццё інжынернай адукацыі ў Саюзнай дзяржаве", "Маладзёжнае інавацыйнае прадпрымальніцтва", "Стагоддзе БНТУ" - якія ўключаюць больш за 12 семінараў па розных напрамках развіцця навукі і тэхнікі. Ён праходзіць з 26 па 30 кастрычніка.

Арганізатарамі форуму традыцыйна выступаюць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Ніжагародскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Р.Я.Аляксеева пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Беларусі, Міністэрства адукацыі і навукі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі