Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лістапада 2025, 10:08

Галоўны балетмайстар Вялікага: "Заўсёды падкрэсліваю, што менавіта Пінск мая радзіма - трэба помніцць, хто ты і адкуль"

Ігар Колб
Ігар Колб
Заслужаны артыст Расіі, прэм'ер Марыінскага тэатра, сёння - галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб пакарыў сэрцы многіх тысяч гледачоў. Артыст з незвычайнай пластыкай і экспрэсіяй стварыў незабыўныя вобразы Апалона, Рамэа, Шурале, танцаваў прынцаў у "Лебядзіным возеры", "Спячай прыгажуні", "Шчаўкунку", "Папялушцы". Складана нават пералічыць усе яго ролі, як і тыя сусветныя сцэны, на якіх выступаў Ігар Колб. Ініцыятар тэатральных праектаў і фестываляў сёння ўжываецца ў новую для сябе ролю кіраўніка - галоўнага балетмайстра. І ўжо двойчы ўразіў беларускую публіку новымі пастаноўкамі.

Ілюзія лёгкасці


Кабінет Ігара Колба абстаўлены кветкамі. Яны паўсюль, у вазах і кошыках - учора прайшла прэм'ера балета "Ілюзіі кахання". Сёння ў тэатры выхадны, але галоўны балетмайстар увесь дзень размаўляе з прэсай: цярпліва адказвае на пытанні журналістаў, ціхмяна выконвае ўказанні аператараў - куды глядзець, як рухацца ў кадры. І нават, на радасць тэлевізіёншчыкам, пагаджаецца зрабіць некалькі піруэтаў - лёгка і грацыёзна, так, нібыта гэта не вынік шматгадовай катаржнай працы і самадысцыпліны, а нешта само сабой зразумелае. Калі бачыш такое чароўнае дзейства, што ствараюць артысты балета на сцэне, цяжка не паддацца гэтай ілюзіі лёгкасці і бязважкасці. Можа, і самі танцоры, загадзя ведаючы, што іх чакае, не адважыліся б ісці за марай? Ігар Колб на пытанне, чаму выбраў балет, адказвае, што, уласна, і не выбіраў. І не марыў выступаць на сцэне, як не марыў стаць артыстам Марыінскага тэатра або галоўным харэографам Вялікага тэатра Беларусі. Усё склалася само. Лічыць, што дзякуючы выпадку апынуўся і ў харэаграфічным вучылішчы ў Мінску.

- У жыцці так складвалася, што не я выбіраў, а мяне выбіралі. Да таго, як мае здольнасці заўважылі сталічныя педагогі, быў звычайным дзіцем, хадзіў з гуртка ў гурток: станцыя юных тэхнікаў, цыркавая студыя, эстрадны танец, - успамінае Ігар Паўлавіч.


Была такая практыка ў савецкі час - шукаць таленавітых дзетак у глыбінцы. Так яму, вучню 5-га класа, і прапанавалі паспрабаваць сябе ў балеце. Дакладней, гэту ідэю выказалі бацькам. Сям'я ў героя нашага праекта была самая звычайная: тата працаваў дальнабойшчыкам, маці - загадчыкам сталовай. Балет здаваўся ім нечым ілюзорным, далёкім ад рэальнасці, тым, што паказваюць па тэлевізары. Але ж бацькі заўсёды спадзяюцца, што ў іх дзяцей будзе больш цікавае жыццё. Таму, відаць, і вырашылі аддаць сына ў балет.

- Маці толькі перажывала аб тым, што наш інтэрнат называўся інтэрнатам, яе гэта бянтэжыла, нібы яна здала туды роднага сына і плаціць за яго ўтрыманне. Хоць пра нас там з усіх пакоў клапаціліся, амаль як дома. Педагогі і выхавальнікі былі цудоўныя. Нам нават ежу пакідалі, калі мы не паспявалі своечасова вярнуцца на вячэру, - успамінае Ігар Паўлавіч.

Ён паказвае з акна цяперашняга кабінета былы будынак харэаграфічнага вучылішча, дзе размяшчаўся і інтэрнат - на скрыжаванні вуліц Старавіленскай і Кісялёва:

- Бачыце акно на другім паверсе? Там мяне глядзеў Юрый Траян, ацэньваючы даныя. І вось я зноў тут, у новай якасці… Амаль містычнае адчуванне!

Педагогі настройвалі будучых артыстаў на старанную штодзённую працу і патрабавалі, патрабавалі, патрабавалі... Былі і расчараванні, і спроба вярнуцца дадому. Але паціху Ігар Колб уцягнуўся ў складаны рытм жыцця навучэнцаў харэаграфічнага вучылішча. Ужо да другога курса ён у поўнай меры ўсвядоміў, якія намаганні трэба прыкладаць, каб дасягнуць выніку. І пачаў настойліва працаваць. У выніку яго яшчэ студэнтам запрасілі на стажыроўку ў тэатр Валянцін Елізар'еў і Юрый Траян, спрабуючы спачатку на невялікія, а потым і больш значныя ролі. На 3-м курсе ён ужо танцаваў у "Спячай прыгажуні" прынца Дэзірэ. І месца ў трупе для таленавітага маладога артыста напэўна знайшлося б, але здарылася паездка ў горад на Няве.

- Аляксандр Іванавіч Калядзенка, педагог, які мяне выпускаў, прапанаваў паўдзельнічаць у конкурсе, - успамінае Ігар Колб.

Гэта было ў 1995 годзе, тады ён стаў лаўрэатам Міжнароднага балетнага конкурсу "Ваганава-Prix" і атрымаў запрашэнне ў трупу Марыінскага тэатра. Пагадзіўся не разважаючы: вабіла і магчымасць папрацаваць з легендарнымі педагогамі, і асаблівая атмасфера Санкт-Пецярбурга, якая так моцна адчувалася ва ўсім, што нават неўладкаванасць быту не азмрочвала ўзнёслыя пачуцці маладога артыста.

Гэты лёсавызначальны момант - пераезд у Санкт-Пецярбург - супаў са смерцю самых блізкіх людзей: у 1996-м не стала бацькі, а праз год - мамы. Гэтыя трагічныя сітуацыі не былі вызначальнымі ў рашэнні паехаць з Беларусі, але калі так нечакана ўсё адбываецца і застаешся сам-насам са сваім горам, можа, нават і лягчэй адправіцца далей, акунуцца з галавой у работу…

Зямля сілы

Пасля ад'езду з Беларусі для Ігара Колба настаў важны перыяд у жыцці і творчасці, адбывалася яго станаўленне як артыста. У 1996-м ён далучыўся да трупы Марыінскага тэатра, праз два гады стаў у ёй ужо салістам. Танцаваў са знакамітымі балерынамі Ульянай Лапаткінай, Дзіянай Вішневай, Святланай Захаравай. З цягам часу пачаў удзельнічаць не толькі ў класічных пастаноўках, але і ў мадэрновых экстравагантных балетах. Марыінскі тэатр ва ўсіх сэнсах стаў сям'ёй. Тут Ігар Паўлавіч сустрэў сваё каханне - артыстку трупы Галіну Яблонскую, якая ў 2001 годзе стала яго жонкай. Нарадзіўся сын.

У Пінску бываў рэдка - работа, сям'я, гастролі… Але заўсёды помніў пра родны горад нават у далёкіх краінах.

- У маю першую гастрольную паездку ў складзе Марыінскага тэатра ў Лондан да мяне падышоў калега і ўдакладніў: у спісе артыстаў месцам майго нараджэння адзначаны не Мінск, а Пінск, ці не памылка гэта? Інакш кажучы, не ўсе нашы нават бліжэйшыя суседзі ведаюць, што ёсць такі горад. Я заўсёды падкрэсліваю, што менавіта Пінск мая радзіма - трэба помніць, хто ты і адкуль, - упэўнены наш субяседнік. - Асабліва гэта важна, калі пачынаецца велізарны поспех, павышаная ўвага публікі, прэсы - каб галава не закружылася.

На думку артыста, напамін пра радзіму зазямляе і дае своеасаблівую падтрымку, якую ён заўсёды адчувае. Месца сілы - вёска Каўбы на Піншчыне. Дарэчы, у час Першай сусветнай вайны тут служыў паэт Аляксандр Блок. Цікавае супадзенне: калі чытаць прозвішча Блок справа налева - атрымаецца Колб.

Для Ігара Паўлавіча сустрэча са сваякамі - сапраўднае свята, няхай і рэдкае. Аднойчы артыст прыехаў у Каўбы на памінкі, усе так узрадаваліся госцю і ажывіліся, што ён нават збянтэжыўся. Але менавіта тады ён адчуў асабліва моцную сувязь з роднай зямлёй, родам і быў шчаслівы, што прывёз з сабой сына.

- Мне было важна яму паказаць блізкую для мяне мясціну, пазнаёміць са сваякамі. Пасля гэтай паездкі мне вельмі захацелася мець свой дом на сваёй зямлі, - прызнаецца Ігар Паўлавіч.

У Каўбах зямлі дастаткова, але сама вёска знаходзіцца вельмі далёка ад Санкт-Пецярбурга, дзе сям'я, работа, калегі. Таму дом Ігар Паўлавіч вырашыў шукаць бліжэй да паўночнай сталіцы Расіі. Выбіраў паміж варыянтамі ў Вялікім Ноўгарадзе і Пскове. Каля 10 гадоў таму мара здзейснілася: знайшоў на Наўгародшчыне прыдатны па ўсіх крытэрыях участак. Гэта месца геаграфічна бліжэй да Санкт-Пецярбурга, да таго ж у Вялікім Ноўгарадзе праходзіць штогадовы фестываль "Адкрытае мастацтва", ініцыятарам і старшынёй арганізацыйнага камітэта і журы якога з'яўляецца Ігар Колб. А галоўнае - з вокнаў новага дома відаць рэчка, як у Каўбах.

- Можа, знешне нічога падобнага ў гэтых краявідах і няма, але, па маіх асабістых адчуваннях, у іх ёсць нешта агульнае, - удакладняе Ігар Паўлавіч.

Калі здараецца тупік у рабоце, Ігар Паўлавіч успамінае пра сваё хобі - рэстаўрацыю старадаўняй мэблі. Ёю ён пачаў займацца ў Санкт-Пецярбургу, калі жыў у доме на канале Грыбаедава. Туды на тэхнічны паверх зносіў набытыя "дзеравяшкі" - чысціў, рамантаваў, пакрываў лакам. Нядаўна ў скупцы ўбачыў кухонны стол, падобны на той, што быў у бабулі ў вёсцы. Цяпер адноўлены, ён стаў часткай інтэр'ера кватэры ў Мінску. Нагадвае артысту пра малую радзіму і блізкіх людзей.

Дысцыпліна і праца

За чвэрць стагоддзя служэння ў Марыінскім тэатры Ігар Колб выканаў усе вядучыя ролі лірыка-рамантычнага рэпертуару. Артыстычную і гастрольную дзейнасць сумяшчаў з выкладчыцкай у Акадэміі танца Барыса Эйфмана, у Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі. У 2009-м станцаваў са знакамітай японскай балерынай Таміе Кусакары ў яе развітальным туры. У тым жа годзе ў Токіа адбыўся гала-канцэрт "Ігар Колб і сябры" з удзелам сусветных зорак лепшых балетных сцэн свету. Артыст займаецца прадзюсарскімі і адукацыйнымі праектамі, з'яўляецца мастацкім кіраўніком праекта Dance. Dance. Dance. Для таго каб зразумець і вывучыць менеджмент у культуры, паступіў у МДУ.

У час пандэміі Ігар Колб атрымаў нечаканую прапанову ад Валянціна Елізар'ева - узначаліць балетную трупу Вялікага тэатра Беларусі. І Вялікі тэатр Расіі тут жа актывізаваўся: там таксама былі не супраць займець знакамітага артыста. Абедзве прапановы заспелі яго знянацку. Доўга думаў, выбіраў. Ігар Паўловіч прызнаецца: удзячны цяперашняму кіраўніку балетнай трупы Вялікага тэатра Расіі Махару Вазіеву за тое, што дапамог яму вызначыцца і "павярнуў у бок Мінска".


З яго прыходам у красавіку 2022 года ў нашым Вялікім тэатры з'явілася новаўвядзенне - кастынгі. Сёння акрамя беларусаў у складзе трупы і артысты з Расіі.

- Нядаўна да нас прыехала пара з Бразіліі. Упэўнены, што яны таксама складуць добрую ўнутраную канкурэнцыю, якая неабходна для развіцця, - гаворыць Ігар Паўлавіч. - Спачатку, калі прыбылі артысты з Расіі, многіх гэта насцярожыла. Потым нехта з беларускіх танцораў, гледзячы на ​​іх, павышаў свой узровень - і сёння мы атрымалі ўжо такі сінтэз школ, калі можна абменьвацца вопытам, канкурыраваць і разам рухацца наперад. Прынцып здаровай канкурэнцыі - вопыт, які я атрымаў у Марыінскім тэатры. Мы не адну гадзіну маглі стаяць на сцэне пасля спектакля і абмяркоўваць, хто лепш станцаваў, хто горш і чаму. Трэба аддаць належнае нашаму кіраўніку Вазіеву: трымаў у абцугах - дысцыпліна і праца. І разбор палётаў быў прывычным.

Трупа папаўняецца маладымі артыстамі, якім галоўны балетмайстар дае магчымасць праявіць сябе: калі занадта доўга стаіш у кардэбалеце, знікае цікавасць да прафесіі. З'яўленне чагосьці новага важна і ў рэпертуары тэатра.

- Колькі б ні танцаваў класіку, у пэўны момант падумаеш: добра, будзе яшчэ 255 "Лебядзіных азёр" і 352 "Шчаўкункі", а што далей? Адбудзецца спыненне ў развіцці. Калі рэпертуарная палітыка не мяняецца, гэта правакуе адыход артыстаў у іншыя тэатры. Трэба развіваць, абнаўляць рэпертуарную сетку, - перакананы Ігар Колб. - Няма нічога непрыстойнага для акадэмічнага тэатра ў тым, каб мець некалькі эксперыментальных пастановак. У гэтым шмат плюсаў.

У верасні мінулага года Ігар Колб прадставіў беларускай публіцы "Жызэль". І няхай гэта была не аўтарская версія, а класічны балет, але здзівіць гледачоў удалося: і разнастайнымі спецэфектамі, і тым што партыю Альберта танцаваў сапраўдны француз - выпускнік нашага харэаграфічнага каледжа Эвен Капітэн. Да таго ж у тэатральнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу ў архіўных матэрыялах Ігар Колб знайшоў у клавіры ўстаўное па-дэ-дэ з першай дзеі, якое ніхто раней не іграў. А беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў таленавіта "пачараваў" над тым, каб гэты фрагмент не выбіваўся з агульнай канвы спектакля. Атрымалася арганічна.

А зусім нядаўна тэатр прадставіў новы балет у пастаноўцы Ігара Колба "Ілюзіі кахання", дзе ўзнята вечная хвалюючая тэма ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай. Гэта гісторыя аб успрыманні адносін і аб тым, якімі яны могуць быць. Сабралася выдатная пастановачная каманда, якая дапамагла аўтару ўвасобіць ілюзіі ў рэальнасць. А кампазітар Леанід Шырын звязаў разам Шапэна і Шастаковіча, зрабіўшы музыку актуальнай для нашага дня. На прэм'еру прыехала жонка Ігара Паўлавіча з Санкт-Пецярбурга (там па-ранейшаму жыве яго сям'я) і з Пінска - дзясятак сваякоў. Такая падтрымка аказалася вельмі значнай.

- Яна важнейшая за поспех і ўсе яго складнікі - грошы, званні і іншыя "плюшкі", - упэўнены Ігар Колб. - Для мяне заўсёды першасна цікавасць: ніводны праект або новы напрамак не ствараўся дзеля грошай. Фінансавы складнік - другасны. Былі праекты, напрыклад, не вельмі аплачвальныя, але ў іх хацелася ўдзельнічаць, і атрымлівалася здорава, а пазней гэта работа нечакана прыносіла званні і поспех. Калі ты сур'ёзна і сумленна адносішся да таго, што робіш, усе ўзнагароды прыходзяць у свой час!

Ігар Колб - пераможца міжнароднага конкурсу балета, запрошаная зорка міжнародных фестываляў Dance open, "Каралі танца", "Зоркі сусветнага балета", "Віртуозы сусветнага балета".

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Ганна МАСЛЯКОВА,

фота - БЕЛТА і з адкрытых інтэрнэт-крыніц, 
Віталь ПІВАВАРЧЫК, 

газета "7 дней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі